У Гродзенскім універсітэце з’явіцца новая спецыяльнасць – “Электрычны і аўтаномны транспарт”. Кваліфікаваныя спецыялісты змогуць абслугоўваць электрамабілі праз 4 гады. Такіх інжынераў не хапае не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі.

Новую спецыяльнасць на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ адкрыюць упершыню за 10 гадоў. Праграма навучання разлічана на 4 гады, выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-электрамеханік”. Яны будуць займацца абслугоўваннем, эксплуатацыяй і дыягностыкай электратранспарту, патлумачыў Hrodna.life дэкан факультэта Аляксандр Варанцоў. Гэта не толькі электрамабілі, але і скутэры, мапеды, самакаты. Таксама студэнты будуць вывучаць аўтаномны транспарт, які перасоўваецца без кіроўцы.

Заявак ад прадпрыемстваў больш, чым будучых выпускнікоў

Ў 2021 годзе набяруць 22 абітурыенты (15 на бюджэтнае аддзяленне і 7 на платнае). Пакуль прадугледжана толькі дзённая форма. Па словах Аляксандра Варанцова, заявак ад гродзенскіх прадпрыемстваў ужо ў два разы больш, чым будучых выпускнікоў. Інжынеры патрэбныя ў тралейбусным упраўленні, аўтобусным парку, гродзенскіх электрасетках, на “Белкардзе” ды іншых заводах, дзе выкарыстоўваюць аўтаномны транспарт для перамяшчэння грузаў паміж памяшканнямі.

“Шмат запытаў ад аўтасэрвісаў, ім патрэбныя спецыялісты, якія маглі б абслугоўваць электрычны складнік. Зараз галоўная праблема – гэта дыягностыка памылак электронікі. Напрыклад, часта бываюць памылкі рухавіка, якія не ўсе могуць карэктна прачытаць і ідэнтыфікаваць”. 

Электрамабілі возяць рамантаваць з Гродна ў Мінск

У Беларусі набор на спецыяльнасць “Электрычны і аўтаномны транспарт” вядзе з 2020 года толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт. У мінскім ВНУ студэнтаў вучаць праектаваць і канструяваць электратранспарт, прычым асноўная ўвага надаецца гарадскому – тралейбусам, трамваям, электрацягнікам метро. У Гродне галоўны акцэнт – на абслугоўванне сучасных электрыфікаваных відаў.

Рыхтаваць інжынераў-электрамеханікаў дапаможа рэзідэнт тэхнапарка ГрДУ – кампанія “Класік Электра”. Яна рэалізуе стартап, звязаны з электрамабілямі. Фірма распрацавала універсальны камплект для пераабсталявання машын з традыцыйнымі рухавікамі на электрацягу. Зараз аўтар стартапа Сяргей Жыльцоў развівае праект па пераводу камунальных і гарадскіх службаў на міні-электратранспарт.

Чытайце таксама: Электрамабіль з Кітая, а ідэя свая. Прадпрымальнік з Гродна хоча зрабіць горад экалагічным і скарыць свет

“У Гродне зараз вялікая праблема – знайсці кваліфікаванага чалавека, каб адрамантаваць электрамабіль. Ведаю, што ўладальнікі возяць іх у Мінск”, – распавёў Hrodna.life Сяргей Жыльцоў.

У Беларуси, па дадзеным на пачатак сакавіка 2021, колькасць зарэгістраваных электрамабіляў перавысіла 2,5 тысячы. У чэрвені 2020 года іх колькасць ацэньвалася ў 400 штук. Спецыялісты нацыянальнага аператара сеткі электразарадных станцый Malanka адзначаюць, што штомесяц у мабільным дадатку рэгіструюцца да 200 новых карыстальнікаў.

Ёсць падтрымка ад Geely і Bosch

“Мы плануем стварыць цэлы напрамак у Гродне для падрыхтоўкі такіх спецыялістаў”, – кажа Аляксандр Варанцоў. Паводле яго, ёсць падтрымка з боку афіцыйнага дылера Geely ў Гродне – ТАА “Альфорт”, а таксама фірмы Bosch. У планах – адкрыць у 2023 годзе ва ўніверсітэце лабараторыю, дзе студэнты змогуць збіраць прататыпы новых відаў электратранспарту. Мяркуецца, што гэты праект прафінансуе Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця.

“Новая спецыяльнасць будзе цікавая і для дзяўчат, таму што для дыягностаў важная педантычнасць”, – лічыць Аляксандр Варанцоў. Таксама дзяўчатам, на яго думку, падышла б праца ў сектары продажаў – напрыклад, менеджэрамі цэнтраў, дзе рэалізуюць аўтамабілі.

Каб паступіць на спецыяльнасць “Электрычны і аўтаномны транспарт”, трэба паспяхова здаць ЦТ па беларускай або рускай мове, матэматыцы і фізіцы.

Якія яшчэ спецыяльнасці адкрыюць у ГрДУ

  • Спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” з’явіцца на педагагічным факультэце. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “Педагог сацыяльны. Педагог-псіхолаг”.
  • Па спецыяльнасці “Лагапедыя” упершыню аб’яўлены набор на завочную скарочаную форму навучання. Прымаюць выпускнікоў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” са спецыялізацыяй “Лагапедыя”.
  • Спецыяльнасць “Правазнаўства” з 2021 года можна будзе атрымаць дыстанцыйна, паведамляе прэс-служба ГрДУ.