У школьных буфетах прадаюць шмат салодкага, а на сталах не заўсёды прыбіраюць пасля яды. Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праверыў харчаванне ў дзіцячых садках і школах. Атрымаўся спіс найбольш шматлікіх парушэнняў.
За студзень-люты 2021 года спецыялісты санэпідслужбы праверылі 101 установу адукацыі. У асноўным гэта школы і дзіцячыя садкі, размешчаныя ў Гродне, некаторыя — у Гродзенскім раёне. Галоўны акцэнт пры маніторынгу быў зроблены на арганізацыю харчавання, распавяла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Канапінь.
Найбольш шматлікім парушэннем стаў продаж «лішніх» ласункаў у школьных буфетах. Паводле нормаў, павінна прадавацца не больш за 10 найменняў мучных і кандытарскіх вырабаў прамысловай вытворчасці ў пакаванні. У гродзенскіх школах іх прадавалі да 15.
«Такое парушэнне прасочваецца рэгулярна, у мінулым годзе таксама былі факты», — адзначыла Галіна Канапінь.
Абмежаванне па колькасці найменняў не распаўсюджваецца на выпечку ўласнай вытворчасці. Пры гэтым існуе норма, па якой у школьных буфетах нельга прадаваць часцей за два разы на тыдзень сасіскі ў цесце, смажанку, піцу ці іншыя мучныя вырабы з выкарыстаннем мяснога і каўбаснага фаршу.
Адно з сур’ёзных парушэнняў, паводле Галіны Канапінь, — няправільнае захоўванне прадуктаў. У сталовых не выконвалі ўмовы, устаноўленыя вытворцам. Напрыклад, гародніна і сыпкія прадукты — крупы, макароны, кандытарскія вырабы — захоўваліся пры нізкай тэмпературы і падвышанай вільготнасці. Гэта можа прывесці да таго, што яны хутка сапсуюцца.
Якія яшчэ парушэнні трапілі ў спіс тыповых
- у сталовых не праводзілі ўборку абедзенных сталоў пасля кожнага выкарыстання
- спецвопратка работнікаў аб’ектаў харчавання не цалкам закрывала асабістую вопратку
- для ежы выкарыстоўвалі посуд і тару з пашкоджаным пакрыццём, расколінамі, дэфармацыямі ды іншымі дэфектамі
- для гатавання выкарыстоўвалі посуд без адпаведнай маркіроўкі
Няякасных прадуктаў у буфетах і сталовых падчас маніторынгу спецыялісты санэпідслужбы не знайшлі.
Некаторыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў тычыліся не толькі арганізацыі харчавання. Напрыклад, не ва ўсіх санвузлах у дазатарах было вадкае мыла. У памяшканнях агульнага карыстання праводзілася няякасная ўборка. Такія выпадкі былі адзінкавымі.
Таксама ў дзіцячых садках і школах часам парушалі патрабаванні, уведзеныя ў сувязі з COVID-19. Напрыклад, не заўсёды супрацоўнікам па прыходзе на працу мералі тэмпературу. У некаторых школах не праветрывалі кабінеты.
Асноўныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўстаноў адукацыi вызначаюцца ў дакументах:
- Спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі, зацверджаныя Пастановай Савета міністраў РБ ад 2019/08/07 № 525
- Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыі COVID-19