Былыя акцёры Гродзенскага драмтэатра пакажуць п’есу пра фашызм. Сустрэча з гледачамі пройдзе ў суботу, 20 сакавіка, у Цэнтры гарадскога жыцця. У пастаноўцы занятыя чатыры артысты.

У час творчай сустрэчы гродзенцы змогуць убачыць пастаноўку “Кадзіш” паводле аднайменнай паэмы Аляксандра Галіча. Паказаць гэта твор прапанавалі Ігар Уланаў і яго жонка Аксана Машынкова – рэжысёрка “Кадзіша”. У прадстаўленні бяруць удзел яшчэ два артысты – Аляксей Станога і Паліна Левіна. У кастрычніку 2020 года яны падтрымалі нацыянальную забастоўку і пазбавіліся працы ў Гродзенскім драмтэатры. 

Ігара Уланава звольнілі з тэатра ў верасні 2020 года адным з першых. Ён спыніў спектакль на знак салідарнасці з калегамі, затрыманымі на акцыі пратэсту. Пасля звальнення артысту даводзілася падпрацоўваць грузчыкам і сантэхнікам, але ўсе шэсць месяцаў ён не пераставаў рэпетаваць разам з калегамі. Цяпер у працы артыстаў некалькі праектаў, бліжэйшае прадстаўленне акцёр называе знакавым.

“Хвалююся, як у першы раз”, – прызнаўся Hrodna.life Ігар Уланаў.

Кадзіш – гэта яўрэйская памінальная малітва, якую прамаўляе сын у памяць пра бацьку. Паэма Аляксандра Галіча прысвечаная польскаму пісьменніку, лекару і педагогу Янушу Корчаку. Ён загінуў разам са сваімі выхаванцамі школы-інтэрната “Дом сірот” ў Варшаве ў лагеры смерці Трэблінка.

Спектакль “Кадзіш” паставіла ў 2013 годзе ў драмтэатры Аксана Машынкова. На гродзенскай сцэне яго паказвалі нячаста – у асноўным да памятных датаў, звязаных з вайной. Муж і жонка гралі спектакль ўдваіх.

“Цяпер гэта будзе новы твор, – распавёў Ігар Уланаў. – У паэме ў кожнага будзе галоўная роля. Мы ўсе – удзельнікі тых страшных падзей, якія адбыліся ў гэтай гісторыі”.

Мерапрыемства пачнецца а 16.00 у суботу, 20 сакавіка, у Цэнтры гарадскога жыцця на вуліцы Кірава, 3. “У барацьбе супраць гвалту ў кожнага свой шлях”, – гаворыцца ў анонсе сустрэчы акцёраў з гледачамі.

Чытайце таксама:

Працу ў Гродзенскім драмтэатры з-за грамадзянскай пазіцыі страцілі каля 20 чалавек. Вялікая частка звальненняў адбылася ў кастрычніку, калі рэжысёры тэатра Генадзь Мушперт і Сяргей Курыленка абвесцілі пра забастоўку. Іх падтрымала частка трупы, усім давялося пакінуць тэатр. У сакавіку 2021 года стала вядома, што адміністрацыя не падоўжыла кантракт і з акторкай Аксанай Плікус і балетмайстаркай Вікторыяй Бальцэр.

Чытайце таксама:

Дзесяць звольненых акцёраў пераехалі ў Літву, паведаміў “Народнай волі” рэжысёр Сяргей Курыленка. Акцёры плануюць удзельнічаць у міжнародных праектах, цяпер ідзе абмеркаванне рэпертуару. Падобныя праекты ўжо былі рэалізаваны ў Вільні, яны спецыяльна створаны для жыхароў Беларусі, пацярпелых ад рэпрэсій. Плануецца, што спектаклі з удзелам гродзенскіх акцёраў пакажуць у розных краінах Еўрасаюза.

Чытайце таксама: