У Гродне працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Ігара Банцэра. Пракурор Віктар Нічыпарук запытаў для Банцэра 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Меру стрымання пракурор папрасіў змяніць на падпіску аб нявыездзе.
Ігар, які галадае ўсухую 15 суткі, стаяў у камеры без кайданкоў. Ён заявіў, што супраць яго рыхтуюць правакацыю — кажуць, нібыта ён піў ваду з бочка. Па словах Ігара, яго хочуць «перавесці ў пеўні», адправіць у «прэс-хату», каб ён «скрыўся». «Але я не ўскрыюся!», — сказаў Ігар. Яго мама зноў папрасіла яго піць ваду, але ён адмовіўся. У судзе мама плакала. Плакалі і сябры Ігара.
Банцэр часта прыхінаўся да шкла, заміраў, быццам адключаючыся, механічна паўтараў адны і тыя ж дзеянні. Ён выглядаў знясіленым. Яго голас быў слабым і стомленым.
Сведка па справе Віталь Канюшка, з-за няяўкі якога пераносілі паседжанне, 18 сакавіка зноў не з’явіўся ў суд. Па адрасе, дзе ён жыве, на працягу пяці дзён ніхто не адкрываў - прывад у суд ажыццявіць не ўдалося. Абвясцілі паказанні, якія сведка даў раней.
Сведка, які працаваў у «Big Bar», раней сказаў, што бачыў танец Ігара Банцэра. Палавых органаў і ягадзіц музыкі ён не бачыў. Шкоду танец Ігара сведку не нанёс.
Ігар сказаў, што медыкі ў турме яму паведамілі: калі ён пачне падаць прытомнасць, яго «абколюць». Ігар папрасіў, каб гэтага не рабілі - маўляў, ён не хоча прымаць таблетак, і папрасіў замяніць турэмных лекараў на «незалежных». Суддзя хадайніцтва не задаволіла.
Бакі перайшлі да судовых спрэчак. Паводле версіі пракурора, дзеянні Ігара насілі цынічны характар, а дэманстрацыя палавых органаў усё ж была. Частку «ў стане алкагольнага ап’янення» з абвінавачвання выключылі. Ігар апладзіраваў словам пракурора. Змякчальнымі абставінамі палічылі наяўнасць у Банцэра малалетніх дзяцей, абцяжваючых абставін не знайшлі. Пракурор запытаў для Банцэра 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Меру стрымання пракурор папрасіў змяніць на падпіску аб нявыездзе. Пачуўшы прысуд, блізкія ўздыхнулі з палёгкай.
Абвінавачаны нагадаў, што суд зняў яго пытанне пацярпеламу міліцыянту Багдзевічу аб інтымных татуіроўках, і не далучыў да матэрыялаў справы яго фота, дзе ён выступае на канцэрце ў мінулым годзе ў стрынгах. Ігар сам для сябе папрасіў тры гады калоніі (3 сакавіка Банцэр адмовіўся ад адваката — Hrodna.life). «Я не памяняюся. Я застануся Банцэрам», — сказаў ён. Ігар успомніў, што ён ужо 18 гадоў вакаліст гурта Mister X і 20 гадоў - у андэграўнднай тусоўцы. А яго затрыманне было добрай піяр-кампаніяй да выхаду яго дыска ў Германіі 5 лютага, сказаў абвінавачаны.
У апошнім слове Ігар 10 хвілін цытаваў Сакрата. Рыхтуючыся, Банцэр напісаў 80 старонак тэксту. Пракурору ён пажадаў кар’ернага росту і дажыць да пенсіі. Ігар нагадаў аб складанасцях у зняволенні: даводзілася суседнічаць з забойцамі, «расчляняльнікамі», «наркаманамі», «псіхамі». Новы год ён адсвяткаваў у «Навінках», праваслаўныя Каляды — на «Валадарцы», 41-ы дзень нараджэння — у турме Гродна. На галадоўцы Банцэр пяць разоў мяняў камеры, на трое сутак трапіў у карцэр.
«Мой арт-перформанс… Я не планаваў, што ён будзе прам настолькі крутым, і дойдзе да таго, што гэта апынецца крымінальна каральным, і што цяпер я тэрмін атрымаю рэальны», — сказаў Банцэр.
Прысуд Ігару вынесуць 19 сакавіка, а 10.30.
Ігару Банцэру 41 год. Ён — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. Жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджар. Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, змяшчалі ў карцэр.
Ігара пачалі судзіць 3 сакавіка — тады ён абвясціў галадоўку. Некалькі разоў пасяджэння пераносілі з-за няяўкі сведкі. Ігар галадае усухую 15 суткі. Падтрымаць яго прыходзіць наколькі дзясяткаў блізкіх і сяброў - у залу месцяцца не ўсе. 15 сакавіка праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем.
Чытайце такcама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…