Фелікс Акерман. Фота: facebook.com/menschenbewegenjetzt
У Гродна прывязуць беларускі пераклад кнігі «Гісторыя Гародні (1919−1991). Нацыяналізацыя, вынішчэнне i саветызацыя сярэднееўрапейскага места». Яе напісаў нямецкі гісторык Фелікс Акерман. У выданні амаль на 500 старонак — дачыненні паміж гродзенскімі беларусамі, яўрэямі і палякамі, гарадская архітэктура і музеі, будаўніцтва «Азота» і савецкая фотахроніка горада. Прэзентацыя пройдзе 18 сакавіка ў «Цэнтры гарадскога жыцця» на Кірава, 3. Кнігу прадставіць выдавец і навуковы рэдактар перакладу Валер Булгакаў. Аўтар возьме ўдзел анлайн.
Фелікс Акерман — гісторык, культуролаг і антраполаг, пісьменнік, беларускамоўны немец. Ён нарадзіўся ва Усходнім Берліне, жыў у Польшчы і Санкт-Пецярбурзе. Вучыўся ў Лондане і ў Франкфурце-на-Одэры, заснаваў там Інстытут прыкладной гісторыі. Выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце ў Вільні. Працаваў з ахвярамі савецкіх рэпрэсій. У 2008 Фелікс Акерман атрымаў ступень доктара філасофіі. Яго дысертацыя была прысвечана гісторыі этнічнасці Гродна.
У 2010 годзе Акерман апублікаваў кнігу «Palimpsest Grodno: Nationalisierung, Nivellierung und Sowjetisierung einer mitteleuropдischen Stadt, 1919—1991» («Палімпсест Гродна: нацыяналізацыя, нівеляванне і саветызацыя аднаго сярэднееўрапейскага горада, 1919—1991»). Яе пераклад, які рыхтаваўся 10 гадоў, прэзентуюць у Гродне.
Гэтая кніга — спроба паказаць гісторыю Гродна ХХ стагоддзя праз даследаванне гараджан і іх жыцця. Адказ на пытанне, як паўстала беларускае Гродна, аўтар шукае з улікам мясцовай гісторыі трох нацый — польскай, савецкай і ўласна беларускай, на скрыжаванні трох краін — Беларусі, Польшчы і Літвы. Фелікс Акерман адмыслова вывучыў беларускую мову.
«Яго даследванні траякія, — патлумачыў Hrodna.life навуковы рэдактар перакладу і выдавец, Валер Булгакаў. — Па-першае, гэта размовы з дзясяткамі гродзенцаў. Сярод іх досыць вядомыя люді - прафесар Алесь Смалянчук, Аляксандр Мілінкевіч, краязнаўца Алесь Госцеў. Часам гэта былі каталіцкія ксяндзы, часам — неназваныя настаўніцы беларускіх ці польскіх школ, супрацоўнікі ўніверсітэта. Другая частка, якая робіць кнігу досыць унікальнай — гэта даследванне гродзенцаў, якія не былі этнічна беларусамі». Аўтар сустракаўся з гродзенскімі яўрэямі, якія выехалі пасля вайны, у Ізраілі, і з гродзенскімі палякамі, якія выехалі ў Польшчу. Таксама ён працаваў з гродзенскімі архівамі, з перыёдыкай, выкарыстоўваў і малавядомыя дадзеныя з нямецкіх архіваў пра Гродна ў час акупацыі.
«Гродна — горад на сутыку трох краін, этнічна вельмі разнастайны, пры гэтым, на думку аўтара, ён арганічна належыць да Цэнтральнай Еўропы», — тлумачыць Валер Булгакаў.
Кніга разлічана не толькі на гісторыкаў. Сухой навукі там няма, тлумачыць выдавец. Ёсць шмат інфармацыі пра гісторыю архітэктуры, спосабы і тыпы гарадской забудовы пры паляках, саветах, з дарэвалюцыйнай эпохі. Расказана, як змянялася змесціва гродзенскіх музеяў пры розных уладах.
Выданне багата ілюстраванае. Акрамя таго, у канцы беларускага пераклада ёсць тое, чаго няма ў нямецкім арыгінальным выданні - фотахроніка з прыватных збораў гродзенскай фатографкі Наталлі Дораш. На здымках — Гродна 70-х гадоў.
З нямецкай на беларускую кнігу Акермана пераклалі Марына Уласава і Алена Талапіла, навуковы рэдактар — Валер Булгакаў. Выданне атрымалася аб’ёмным — 488 старонак, у цвёрдай вокладцы.
Кнігу можна будзе набыць на прэзентацыі, будзе прымацца разлік карткамі. Таксама прывязуць і іншыя выданні ARCHE. Пасля прэзентацыі кнігі будуць у «Цудоўні», у прыватных распаўсюднікаў, таксама можна будзе замовіць выданне праз мінскія інтэрнет-крамы. У дзяржаўнай сетцы кнігарняў «Белкніга» яго пакуль не будзе.
Калі: чацвер, 18 сакавіка, 19:00.
Дзе: «Цэнтр гарадскога жыцця» (вул. Кірава, 3).
"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…