У Гродна прывязуць беларускі пераклад кнігі “Гісторыя Гародні (1919–1991). Нацыяналізацыя, вынішчэнне i саветызацыя сярэднееўрапейскага места”. Яе напісаў нямецкі гісторык Фелікс Акерман. У выданні амаль на 500 старонак – дачыненні паміж гродзенскімі беларусамі, яўрэямі і палякамі, гарадская архітэктура і музеі, будаўніцтва “Азота” і савецкая фотахроніка горада. Прэзентацыя пройдзе 18 сакавіка ў “Цэнтры гарадскога жыцця” на Кірава, 3. Кнігу прадставіць выдавец і навуковы рэдактар перакладу Валер Булгакаў. Аўтар возьме ўдзел анлайн. 

Фелікс Акерман – гісторык, культуролаг і антраполаг, пісьменнік, беларускамоўны немец. Ён нарадзіўся ва Усходнім Берліне, жыў у Польшчы і Санкт-Пецярбурзе. Вучыўся ў Лондане і ў Франкфурце-на-Одэры, заснаваў там Інстытут прыкладной гісторыі. Выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце ў Вільні. Працаваў з ахвярамі савецкіх рэпрэсій. У 2008 Фелікс Акерман атрымаў ступень доктара філасофіі. Яго дысертацыя была прысвечана гісторыі этнічнасці Гродна. 

У 2010 годзе Акерман апублікаваў кнігу «Palimpsest Grodno: Nationalisierung, Nivellierung und Sowjetisierung einer mitteleuropдischen Stadt, 1919—1991» («Палімпсест Гродна: нацыяналізацыя, нівеляванне і саветызацыя аднаго сярэднееўрапейскага горада, 1919—1991»). Яе пераклад, які рыхтаваўся 10 гадоў,  прэзентуюць у Гродне.

Размовы з гродзенцамі ХХ стагоддзя, горад з нямецкіх архіваў і фота Наталлі Дораш. Кнігу Фелікса Акермана прэзентуюць у Гродне
Фелікс Акерман у Гродне

Горад на сутыку краін і нацый

Гэтая кніга – спроба паказаць гісторыю Гродна ХХ ста­год­дзя праз даследаванне гараджан і іх жыцця. Адказ на пытанне, як паўстала беларускае Гродна, аўтар шукае з улікам мясцовай гісторыі трох нацый – польскай, савецкай і ўласна беларускай, на скрыжаванні трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы. Фелікс Акерман адмыслова вывучыў беларускую мову.

“Яго даследванні траякія, – патлумачыў Hrodna.life навуковы рэдактар перакладу і выдавец, Валер Булгакаў. – Па-першае, гэта размовы з дзясяткамі гродзенцаў. Сярод іх досыць вядомыя люді – прафесар Алесь Смалянчук, Аляксандр Мілінкевіч, краязнаўца Алесь Госцеў. Часам гэта былі каталіцкія ксяндзы, часам – неназваныя настаўніцы беларускіх ці польскіх школ, супрацоўнікі ўніверсітэта. Другая частка, якая робіць кнігу досыць унікальнай – гэта даследванне гродзенцаў, якія не былі этнічна беларусамі”. Аўтар сустракаўся з гродзенскімі яўрэямі, якія выехалі пасля вайны, у Ізраілі, і з гродзенскімі палякамі, якія выехалі ў Польшчу. Таксама ён працаваў з гродзенскімі архівамі, з перыёдыкай, выкарыстоўваў і малавядомыя дадзеныя з нямецкіх архіваў пра Гродна ў час акупацыі.

“Гродна – горад на сутыку трох краін, этнічна вельмі разнастайны, пры гэтым, на думку аўтара, ён арганічна належыць да Цэнтральнай Еўропы”, – тлумачыць Валер Булгакаў.  

У кнізе – гродзенская архітэктура і фотахроніка Наталлі Дораш

Кніга разлічана не толькі на гісторыкаў. Сухой навукі там няма, тлумачыць выдавец. Ёсць шмат інфармацыі пра гісторыю архітэктуры, спосабы і тыпы гарадской забудовы пры паляках, саветах, з дарэвалюцыйнай эпохі. Расказана, як змянялася змесціва гродзенскіх музеяў пры розных уладах. 

Выданне багата ілюстраванае. Акрамя таго, у канцы беларускага пераклада ёсць тое, чаго няма ў нямецкім арыгінальным выданні – фотахроніка з прыватных збораў гродзенскай фатографкі Наталлі Дораш. На здымках – Гродна 70-х гадоў. 

Размовы з гродзенцамі ХХ стагоддзя, горад з нямецкіх архіваў і фота Наталлі Дораш. Кнігу Фелікса Акермана прэзентуюць у Гродне
Фота: facebook.com

З нямецкай на беларускую кнігу Акермана пераклалі Марына Уласава і Алена Талапіла, навуковы рэдактар – Валер Булгакаў. Выданне атрымалася аб’ёмным – 488 старонак, у цвёрдай вокладцы. 

Кнігу можна будзе набыць на прэзентацыі, будзе прымацца разлік карткамі. Таксама прывязуць і іншыя выданні ARCHE. Пасля прэзентацыі кнігі будуць у “Цудоўні”, у прыватных распаўсюднікаў, таксама можна будзе замовіць выданне праз мінскія інтэрнет-крамы. У дзяржаўнай сетцы кнігарняў “Белкніга” яго пакуль не будзе.

Калі: чацвер, 18 сакавіка, 19:00. 

Дзе: “Цэнтр гарадскога жыцця” (вул. Кірава, 3).

Размовы з гродзенцамі ХХ стагоддзя, горад з нямецкіх архіваў і фота Наталлі Дораш. Кнігу Фелікса Акермана прэзентуюць у Гродне