У сакавіку валанцёра арганізацыі «ТаймАкт» і былога зняволенага Станіслава Цыбінскага звольнілі з працы пасля таго, як даведаліся пра яго турэмнае мінулае. Пазней яго збілі невядомыя і зламалі яму два рэбры. У лютым дома ў Цыбінскага прайшлі два ператрусы.
У верасні Станіслаў уладкаваўся на працу афіцыянтам чацвёртага разраду ў кавярні «Паланэз». Са слоў Цыбінскага, у пачатку сакавіка 2020 года начальнік даведаўся, што Станіслаў — былы асуджаны, і папрасіў яго звольніцца. «Прашу вас звольніць мяне па пагадненні бакоў без наступнай адпрацоўкі, так як я былы асуджаны!!! І мяне звальняюць!!!», — напісаў Станіслаў ў заяве на імя дырэктара РУП «Белмытсэрвісу» Івану Езепчыку. «Са звальненнем згодны», — напісаў дырэктар. Без працы праз два тыдні Станіслаў страціць жыллё ў інтэрнаце.
Іван Езепчык «даўно ведаў», што Цыбінскі - былы зняволены, але звольніў яго з-за таго, што той «напісаў шмат скаргаў» і «непрыстойна сябе паводзіць». Ад іншых каментароў Hrodna.life ён адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновы званок.
Станіслаў Цыбінскі — актывіст, валанцёр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Арганізаваў супольнасць «Рука дапамогі і падтрымкі».
Працаваў афіцыянтам. Кіраваў грамадска-інфармацыйнай пляцоўкай «Беларускі цэнтр падтрымкі». У 2017 годзе выйшаў на волю пасля 15 гадоў зняволення за забойства. З тых часоў дапамагае іншым асуджаным: купляе прадукты, сродкі гігіены, адзення і тэлефоны, знаходзіць жыллё і задавальняе на працу. Толькі за 2020 год дапамогу ад Станіслава атрымалі каля 70 адбыўшых пакаранне. Таксама Станіслаў піша асуджаным дзясяткі лістоў на тыдзень і адпраўляем ім пасылкі. Фотасправаздачы актывіст пакідае ў суполцы ВКонтакте.
Ператрус
У лютым дома ў інтэрнаце ў актывіста Станіслава Цыбінскага прайшло два ператрусы з санкцыі пракурора. Фота дакументаў Станіславу не дазволілі зрабіць. Па якім артыкуле прайшлі ператрусы, Станіслаў не запомніў. Па яго словах, нічога забароненага не знайшлі. Актывіст звязаў гэта з ператрусамі, якія праходзілі і ў іншых беларускіх праваабаронцаў.
16 лютага ў Мінску і іншых гарадах прайшлі ператрусы паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у офісах праваабарончых арганізацый і ў кватэрах праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў. Ператрус таксама прайшоў у незалежным прафсаюзе РЭП. Старшыня РЭП Васіль Завадскі таксама кіруе арганізацыяй «ТаймАкт», чальцом якой з’яўляецца Цыбінскі. «Яны лічаць, што я дапамагаю не толькі асуджаным, але і тым людзям, якія выходзілі на дэманстрацыі», — распавёў актывіст Hrodna.life.

Чарада звальненняў
Актывіст таксама пацярпеў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Тады Станіслаў працаваў у Мінску. 10 жніўня ён выйшаў на мірную дэманстрацыю. Актывіста затрымалі, збілі ў аўтазаку і выкінулі на газон. Пасля гэтага працадаўца паведаміў, што гродзенец павінен звольніцца. 11 жніўня Станіслава зноў затрымалі - вывелі з рэстарана, і збілі. Пра гэта актывіст распавёў праекту august2020.info. Пасля звальнення Цыбінскі ў верасні вярнуўся ў Гродна.
Напад
Увечары 6 сакавіка актывіста каля інтэрната збілі двое незнаёмцаў у балаклавах. У Станіслава зламаныя два рэбры, на галаве — рассячэнне. «Кожны крок даецца з болем», — распавёў гродзенец. Яму складана і размаўляць, і набіраць паведамленні. Па яго словах, актывісту заявілі, збіваючы: «Калі ты кудысьці зьвернешся, то цябе знойдуць у рэчцы. Ты сам вінаваты, няма чаго «зэкам «дапамагаць». Цыбінскі упэўнены, што чуў з кішэняў нападнікаў гукі рацыі. Станіслаў звярнуўся да медыкаў. Да тых, хто нападаў, ён прэтэнзій не мае.
Станіслаў Цыбінскі пасля нападу. Фота: прадастаўлена героем Станіслаў Цыбінскі пасля нападу. Фота: прадастаўлена героем Станіслаў Цыбінскі пасля нападу. Фота: прадастаўлена героем
Гэта не першы выпадак, калі на актывіста нападаюць. Увесну 2020 года Цыбінскага збілі двойчы. Звароты ў міліцыю скончыніся спыненнем справы або прафілактычнай гутаркай з фігурантамі справы.
Чытайце таксама: