У Гродне стартуе пілотны праект па першасным абследаванні здаровых людзей, у якіх патэнцыйна можа быць знойдзены рак лёгкіх. Звычайна гэты від раку не бачны на флюараграфіі, яго складана выявіць, пакуль ён не дасягне вялікіх памераў. А тады лячыць можа быць ужо позна. Скрынінг будуць праводзіць з дапамогай спецыяльнага нізкадозавага пратаколу сканавання. Яго можна ўжываць амаль на любых апаратах кампутарнай тамаграфіі.
Як адбіраюць пацыентаў для скрынінга і як арганізаваны працэс, распавяла Hrodna.life урач-анколаг, загадчыца онкадыспансерным аддзяленнем Гродзенскай універсітэцкай клінікі Ларыса Саўко. Для пілотнага праекту па скрынінгу адбіраюць па 200 чалавек ад кожнай з сямі гродзенскіх паліклінік. Для скрынінгу ў Гродне выбіраюць людзей з групы рызыкі:
- мужчын 50−70 гадоў,
- тых, якія паляць 20 і больш гадоў не менш за адну пачку цыгарэт на дзень.
49 930 новых выпадкаў раку ў Беларусі было ў 2019 годзе, годам раней — на тысячу менш.
184 чалавекі на 100 тыс. беларусаў памерлі ад анкалогіі ў 2019 годзе.
Больш за 30 000 чалавек стаялі на ўліку з анкалогіяй ў Гродзенскай вобласці ў 2019 годзе. Кожны год можна прыбаўляць па 5 000, кажуць лекары.
Часцей за ўсё ў Беларусі выяўлялі:
У мужчын — рак чалясніцы, рак лёгкага і коларэктальны рак.
У жанчын — рак малочнай залозы, коларэктальны рак і рак маткі.
Беларусы з анкалогіяй часцей паміралі:
Мужчыны — ад раку лёгкага, коларэктальнага раку і раку страўніка.
Жанчыны — ад раку грудзей, коларэктальнага раку і раку страўніка.
67% выпадкаў у Беларусі было выяўлена на першай і другой стадыях раку, пры якіх пацыенты пасля лячэння жывуць доўгія гады.
51% беларусаў з анкалогіяй у 2019 годзе знаходзілася на дыспансерным уліку пасля лячэння пяць і больш гадоў.
Пакуль для адбору задзейнічаны толькі гродзенскія паліклінікі. Спачатку пацыенты, якія ўваходзяць у выбраную групу рызыкі, запаўняюць анкеты. Па мностве пытанняў лекары высвятляюць, якая верагоднасць таго, што ў гэтага чалавека можа быць рак лёгкага. Вынікі апытання ацэньвае кампутар.
Людзей для праекта ўжо практычна адабралі, распавяла Hrodna.life Ларыса Саўко. Тым, каго выберуць для скрынінга, будуць рабіць нізкадозную кампутарную тамаграфію (КТ) на базе гродзенскага анкадыспансера. Таксама ў гэтых людзей могуць узяць аналіз крыві для малекулярна-генетычных даследаванняў на розныя мутацыі. Калі будуць выяўлены паталогіі, КТ перагледзяць і пацыентаў накіруюць у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі ў Мінск.
Праз пандэмію ўсе даследаванні перапынілі
Даследаванне павінна было пачацца яшчэ ў 2020 годзе. Многіх пацыентаў ўжо адабралі, было гатова каля 200 анкет, і пачалі праводзіць сам скрынінг. Але праз пандэмію ўсе скрынінгавыя праграмы прыйшлося перапыніць. Скрынінг па раку малочнай залозы і чалясніцы ў Гродне аднавілі праз паўгода, рака лёгкага — толькі цяпер.
«Гэта справа не аднаго года. Мужчыны будуць адабраныя, у залежнасці ад выяўленай паталогіі, камусьці будуць рабіць КТ праз год, камусьці праз шэсць месяцаў. На гэты конт ёсць спецыяльны загад Міністэрства аховы здароўя», — удакладніла лекарка-анколаг.
Па выніках рэспубліканскіх даследаванняў, у чацвёрку асноўных захворванняў у Беларусі ўваходзяць рак тоўстай кішкі, рак чалясніцы, рак малочнай залозы і лёгкіх, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Зараз у краіне праводзяць эфектыўны скрынінг рака шыйкі маткі, малочнай залозы, коларэктальнага раку, часткова — раку лёгкага.
Паводле СААЗ, рак з’яўляецца адной з асноўных прычын смерці ў свеце. Найбольшая колькасць штогадовых выпадкаў смерці ад анкалогіі адбываецца ад раку лёгкіх, страўніка, печані, тоўстай кішкі і малочнай залозы.
Скрынінг — дарагая рэч. У чым сутнасць метаду?
Каб дыягнаставаць рак лёгкага, трэба выконваць кампутарную тамаграфію органаў грудной клеткі. Яе заўсёды робяць хворым на рак лёгкага або тым, у каго гэты від рака падазраюць. На звычайнай флюараграме рак лёгкага часта не бачны, а калі бачны, то на такой стадыі дапамагчы хвораму ўжо няма магчымасці, распавёў Hrodna.life урач-рэнтгенолаг кабінета магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ) Гродзенскай універсітэцкай клінікі Антон Прудко.
«Для скрынінга звычайнае КТ лёгкіх не пасуе, бо падчас даследавання пацыент атрымлівае вялікую дозу апрамянення. Калі часта рабіць КТ лёгкіх, можа развіцца рак, толькі ўжо праз даследаванні. Для скрынінгу (скрынінг робяць здаровым, а не хворым) распрацавалі спецыяльны нізкадозавы пратакол сканавання. Яго можна ўжываць амаль на любых апаратах кампутарнай тамаграфіі», — патлумачыў Hrodna.life спецыяліст.
Правядзенне скрынінга — стратная справа. Для яго патрэбныя рэсурсы: апараты КТ і лекары і лабаранты, якія будуць яго праводзіць. Усе апараты ў горадзе не прастойваюць, асабліва ў «эпоху кавіда», удакладніў Антон Прудко.
У Гродне на цяперашні момант ёсць некалькі апаратаў КТ: два ва ўніверсітэцкай клініцы, адзін у БХМД і адзін у дзіцячай бальніцы. У бліжэйшы час планавалі ўсталяваць апарат КТ ў гарадской клінічнай бальніцы № 4.
Скрынінг зніжае смяротнасць на 20%
Скрынінг праводзяць для людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі па раку лёгкага. Звычайна да яе адносяць курцоў са стажам і працаўнікоў шкодных вытворчасцяў. Паспяховы досвед падобнага скрынінгу метадам нізкадозавай кампутарнай тамаграфіі ёсць у Маскве. Там да групы рызыкі аднеслі пацыентаў, старэйшых за 55 гадоў, якія паляць больш за 30 гадоў па адным і больш пачакаў на дзень, і тых, хто кінуў паліць менш як 15 гадоў таму.
Па статыстыцы, з усіх выяўленых выпадкаў смяротнасць у першы год пасля пастаноўкі дыягназу складае 50%. Методыка нізкадозавай кампутарнай тамаграфіі дазваляе выявіць да двух хворых з 100 абследаваных ў групе рызыкі. Паводле даследванняў, правядзенне скрынінгу зніжае смяротнасць ад рака лёгкіх на 20%.
Чытайце таксама:
«Свидетельница хачапури» Анна Бенидзе: «Понадобилось 80 дней, чтобы осознать — у меня онкология«
В Гродно начали строить онкодиспансер. В регионе у 30 тысяч людей раковые заболевания