17 лютага Вярхоўны суд Беларусі пачынае разгляд «справы Белгазпрамбанка» і Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка банка і былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў выбарах-2020. На суд не акрэдытавалі прадстаўнікоў незалежных СМІ, афіцыйна — у сувязі з каранавірусам і недахопам месцаў. Бабарыка прызнаны палітвязнем.

24 лістапада 2020 года стала вядома, што Віктару Бабарыка прад’явілі абвінавачванне ў атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК), а таксама ў легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 235 КК).

Ч. 3 арт. 340 КК — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Ч. 2 арт. 235 КК — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да сямі гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Папярэдняе судовае пасяджэнне  прайшло 4 лютага. Будынак суда было застаўлены металічнымі агароджамі, па перыметры дзяжурылі сілавікі ў балаклавах, іншыя пасяджэнні адмянілі, незалежную прэсу не пусцілі.

Тое, што справу разглядае вышэйшая судовая інстанцыя краіны, пазбаўляе абвінавачаных права на апеляцыю.

Па «справе Белгазпрамбанка» праходзяць восем фігурантаў: Віктар Бабарыка, Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзмітрый Кузьміч, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Віктар Кабяк. У асноўным гэта кіраўніцтва банка. Абвінавачаных будуць абараняць больш за дзесяць адвакатаў, сярод іх Ганна Келлер, Максім Агееў, Аляксандр Паўлавец, Сяргей Буякевіч. Віктара Бабарыка абараняюць Дзмітрый Лаеўскі і Наталля Мацкевіч. Працэс вядзе судзьдзя Ігар Любавіцкі, дзяржабвінаваўца — Сяргей Гергель.

Віктар Бабарыка кіраваў Белгазпрамбанкам 20 гадоў да 2020 года. Ён актыўна займаўся дабрачыннасцю, з яго ініцыятывы банк спансаваў выданне кніг беларускай нобелеўскай лаўрэаткі, вяртанне ў Беларусь прадметаў мастацтва, правядзенне тэатральных фестываляў і мастацкіх салонаў. На выбарах 9 жніўня 2020 года Бабарыка мусіў стаць адным з самых моцных канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Ён лідыраваў у інтэрнэт-апытаннях. Нават паводле падлікаў ЦВК ён сабраў амаль удвая больш подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, чым астатнія, не лічачы Лукашэнкі.

У Гродне, як і на сустрэчах у іншых гарадах, Віктар Бабарыка падкрэсліваў важнасць не галасаваць датэрмінова і арганізаваць максімальную яўку на выбарах. Таксама ён прапаноўваў актыўна ўдзельнічаць у выбарчых камісіях для кантролю падліку галасоў. Бабарыка выступаў за перадачу мясцовага кіравання ў рукі мясцовых уладаў, рэформу войска, развіццё прыватнай уласнасці.

Чытайце таксама:

У тым ліку і дзякуючы Віктару Бабарыка быў створаны праект «Голас» для незалежнага падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020. Яго штаб, штаб Валерыя Цапкалы і ініцыятыва «Сумленныя людзі» сталі арганізатарамі хакатона, на якім распрацавалі сістэму альтэрнатыўнага падліку.

Чытайце таксама: Платформа «Голос»: «Ни один этап избирательной кампании не был честным». Опубликовали итоговый отчет

Арыштавалі перад выбарамі

Віктара Бабарыка арыштавалі яшчэ да выбараў і нават да рэгістрацыі кандыдатаў, 18 чэрвеня. Гэта адбылося пасля ператрусу у галоўным офісе Белгазпрамбанка і блакаванні рахункаў яго выбарчага фонду. Супраць некаторых іншых дзеючых і былых супрацоўнікаў Белгазпрамбанка ДФР Дзяржкантролю распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры» Крымінальнага кодэкса. Арыштавалі таксама кіраўніка перадвыбарчага штаба і сына Віктара — Эдуарда Бабарыку.

Кандыдатам Віктара Бабарыку па прапанове Лідзіі Ярмошынай таксама не зарэгістравалі, хоць, паводле закону, маглі. Хадайніцтвы аб асабістым паручальніцтве за Бабарыку для змены меры стрымання на хатні арышт падалі больш за 30 чалавек, сярод іх — нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, мастак Уладзімір Цэслер ды шмат іншых. Многіх арыштавалі проста ў будынку КДБ. З затрымання і да цяперашняга моманту Бабарыка знаходзіўся пад вартай.

Летам Віктара Бабарыку спачатку вінавацілі ў дачы хабару (ч. 2 арт. 431 КК), потым — у атрыманні (ч. 3 арт. 430). Акрамя таго, на той момант яму прыпісвалі яшчэ два артыкулы КК: ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў) і ч. 2 арт. 235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам).