З раніцы 16 лютага ў сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў, у офісе БАЖ і праваабарончага цэнтру “Вясна” , у праваабаронцаў і іншых актывістаў у розных гарадах праходзяць ператрусы. Яны адбываюцца ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Ператрусы праводзяцца ў тым ліку і супрацоўнікамі аддзелаў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК), паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі прааваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сілавікі прыйшлі да старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і юрыста арганізацыі Алега Агеева. Дома ў самога Бастунца ператрусу не было, але яго зладзілі ў яго сына, Арсенія.

Ператрус зладзілі ў офісе БАЖ у Мінску.  Цяпер офіс апячатаны, паведамляе арганізацыя. Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец не затрыманы. 

З ператрусам ў 7.25 раніцы прыйшлі да прэс-сакратара БАЖ Барыса Гарэцкага. “Трымайся, калегі. Мы нічога не парушаем”, – паспеў ён напісаць у Facebook. Пазней Гарэцкі выйшаў на сувязь і расказаў, што сілавікі званілі ў дзверы, а затым прыйшлі з абсталяваннем, каб іх выразаць, піша БАЖ. Барыс адкрыў. Па яго словах, дома было трое дзяцей, таму ўсё прайшло даволі спакойна, сілавую групу з кватэры выправілі. У час ператрусу аглядзелі нават сметніцу і халадзільнік. Забралі ноўтбукі, тэлефоны, сямейныя грошы (крыху). Ператрус доўжыўся каля 3-4 гадзін.

Таксама прайшоў ператрус у юрысткі Крысціны Рыхтэр (342 арт. КК), забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

Беларуская асацыяцыя журналістаў — беларуская няўрадавая грамадская арганізацыя. Аб’ядноўвае грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або спрыяюць яе развіццю. Утворана ў 1995 годзе, у 2006 годзе прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Выступае ў абарону правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.

Ператрусы ў праваабаронцаў “Вясны” і актывістаў

З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, праваабаронцы “Вясны” Андрэя Палуды, да маці мінскай праваабаронцы “Вясны” Наталлі Сацункевіч. Ад самай раніцы недасяжны тэлефон юрыста “Вясны” Паўла Сапелкі. Прайшоў ператрус у праваабаронцы “Вясны” Зміцера Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зміцер таксама затрыманы. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы.

Ідзе паслядоўная “зачыстка” грамадзянскай супольнасці, зараз чарга дайшла да тых катэгорый, якія актыўна дапамагалі пацярпелым людзям ад рэпрэсій – інфармацыйна, кансультацыйна – журналістаў і праваабаронцаў, – рассказаў Hrodna.life прадстаўнік гродзенскай “Вясны”, праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. – Нічога іншага, акрамя як рэпрэсаваць уласных грамадзян, гэтыя дзяржаўныя органы не ўмеюць. Па-сутнасці, ідзе пераход ад аўтарытарнай мадэлі дзяржавы да таталітарнай. Такія сістэмы звычайна альбо вельмі хутка рассыпаюцца альбо імкліва пераўтвараюць краіну ў адзін суцэльны вялікі канцлагер.

Каля 10.40 пачаўся ператрус у офісе ПЦ “Вясна” ў Мінску. Туды прыехаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Узяліся і за прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу РЭП: ператрусы ў Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна. Паведамляецца, што вобшук праходзіць у офісе незалежнага прафсаюза РЭП. Таксама ператрус прайшоў у эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні.

Сёння прайшлі ператрусы ў многіх журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у Гомелі, Брэсце, Магілёве, Віцебску. Ператрусы ладзяць і ў іх блізкіх.

Каментар Следчага камітэта

Следчы камітэт вядзе расследаванне крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

“У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя”, – паведаміла ведамства.

Працэсуальныя дзеянні вядуць супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС з санкцыі Генеральнай пракуратуры.