10 лютага Ежы Грыгенча прыехаў па позве ў Лідскі РАУС для разбіральніцтва паводле арт.23.34 КаАП. Яго пакінулі ў мясцовым ізалятары да суду, паведаміла Hrodna.life жонка актывіста Валянціна. Калі адбудзецца судовае пасяджэнне, Ежы не паведамілі.

Імаверна, адміністрацыйную справу завялі пасля вынясення прысуду актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку ў судзе Лідскага раёна 18 студзеня, мяркуе Валянціна Грыгенча. Тады падтрымаць актывіста сабраліся каля 50 чалавек, у тым ліку і гродзенцы. Прысуд сустрэлі крыкамі «Ганьба!».

Пазней на іншым працэсе затрымалі каля двух дзясяткаў чалавек, якія прысутнічалі пры вынясенні прысуду Ашурку. Адзін з сведак паспеў паведаміць, што затрыманне нібыта звязана з эмацыйнай рэакцыяй людзей на прысуд Вітольду Ашурку. Па гэтай справе таксама праходзіць журналіст з Бярозаўкі Юры Дзяшук.

Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго судзілі па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, за ўдзел у Маршах недармаедаў, за акцыі пратэсту ў 2020 годзе. На адно з судовых пасяджэнняў яго прыехала падтрымаць Ганна Канапацкая.