Юрыя Цуканава затрымалі 8 лютага прама на працы, у гандлёвым цэнтры «Карона». Яго прывезлі дадому для агляду кватэры. У выніку канфіскавалі тэхніку. Прычынай затрымання стаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. На Юрыя склалі пратакол па 23.34 КаАП і адпусцілі. Калі адбудзецца суд, пакуль невядома.

63-гадовы Юрый Цуканаў працуе галоўным энергетыкам у ГЦ «Карона», распавёў яго сын Ігар. Інфармацыя аб затрыманні Цуканава з’явілася ў адным з гродзенскіх Telegram-каналаў у 17.30. Сын Юрыя пацвердзіў інфармацыю Hrodna.life. Паводле яго слоў, вечарам 8 лютага разам з бацькам да іх дадому прыйшлі трое міліцыянтаў. Яны канфіскавалі тэлефоны, ноўтбук, бел-чырвона-белы сцяг і маленькі бел-чырвона-белы сцяжок для аўтамабіля. Пасля гэтага Юрыя павезлі ў РАУС даваць паказанні.

Каля 20.30 Юрый Цуканаў вярнуўся дадому. На яго склалі пратакол па 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Калі праходзіла мерапрыемства, ён не ўдакладніў.

«Мяне затрымалі за ўдзел у незаконных акцыях паводле арт. 23.34 КаАП. Правялі затрыманне на працоўным месцы і потым з ператрусам (імаверна, маецца на ўвазе агляд. Ператрус праходзіць у рамках крымінальнай справы — Hrodna.life) прыехалі на кватэру. Тут канфіскавалі ўсю апаратуру: ноўтбук, планшэт, усе тэлефоны. Знайшлі сцяг, які быў у мяне ў пакоі», — распавёў Юрый Hrodna.life.

Цяпер Юрый Цуканаў чакае суда. Яго праінфармавалі, што выклічуць на пасяджэнне званком, а канфіскаваную тэхніку вернуць пасля праверкі.