21 студзеня ў Мастоўскім раённым судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Віктара Царыкевіча. Яго пачалі судзіць за пудзілы міліцыянераў, труны з «цынічнымі» надпісамі і малюнкі ў горадзе. Гэта палічылі хуліганствам і абразай прадстаўніка ўлады, піша harodniaspring.org.
Суд пастанавіў праводзіць паседжанні працэсу ў закрытым рэжыме, спаслаўшыся на каранавірус. Вядзе працэс старшыня Мастоўскага раённага суду Віталь Сініла.
Царыкевіча пачалі судзіць па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК — Хуліганства і хуліганства, здзейсненае паўторна, арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады. Па першым артыкуле яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі, па другім — да трох гадоў абмежавання волі.
Што за справа?
У прыгарадзе Мастоў восенню 2020 года пачалі з’яўляцца пудзілы праваахоўнікаў і труны з «цынічнымі» надпісамі. У гэтым абвінавацілі 38-гадовага гараджаніна, паведамляе прэс-служба МУС. У асноўным пудзілы вывешвалі на аўтобусных прыпынках, а труны размяшчалі ў палях. Таксама мужчына размалёўваў месцы ў горадзе і стэлу пры ўездзе ў горад.
Паводле матэрыялаў справы, ў жніўні 2020 году Віктар Царыкевіч размясціў у Telegram-канале каментар пад фотаздымкам старшыні Мастоўскага райвыканкаму, гэты каментар «прынізіў гонар і годнасць» чыноўніка.