Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» працягвае распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для прыстасавання будынка былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў пад музей. У сетцы з’явіліся рэндэры інтэр'ераў.

Канцэпцыю будучай экспазіцыі распрацаваў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Яна будзе адлюстроўваць гісторыю Гарадзеншчыны, а таксама прадставіць найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыі музея, паведамлялі раней ва ўпраўленні культуры. Выбар тэматыкі будучага музея тлумачаць тым, што гістарычная і прыродазнаўчая экспазіцыі музея ў Старым замку былі найбольш запатрабаванымі ў наведвальнікаў.
Распрацоўкай мастацкага праекта будучай экспазіцыі займаўся Беларускі саюз мастакоў. У музеі плануюць арганізаваць інтэрактыўную прастору, арыентаваную на наведвальнікаў рознага ўзросту. Канцэпцыя будзе спалучаць ансамблевыя комплексы, інтэрактыўныя зоны з выкарыстаннем сэнсарных экранаў і іншых аўдыёвізуальных сродкаў.

Раней гродзенскія мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы заяўлялі аб неабходнасці арганізаваць у будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў мастацкі музей. Адміністрацыя горада не падтрымала гэтую ініцыятыву. Мастацкую экспазіцыю арганізуюць у правым крыле Новага замка. Раней там знаходзілася Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Карскага. З такім рашэннем пагадзіліся большасць членаў абласнога філіяла Беларускага саюза мастакоў 15 лістапада 2019 года.