23 студзеня пройдзе трансляцыя спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Кар'ера доктара Раус». Ён пастаўлены па п’есе Віктара Марціновіча, галоўным героем якой з’яўляецца Францыск Скарына. Усе ахвочыя змогуць убачыць пастаноўку бясплатна з любой кропкі свету на відэасэрвісе VOKA. Анлайн-паказ пачнецца ў 19:00.

Спектакль расказвае не столькі пра дасягненні беларускага першадрукара, колькі пра тое, што адчувае чалавек, які вядзе іншых за сабой і чаго можа каштаваць апантанасць перадавымі ідэямі. Жанр пастаноўкі вызначаны як гістарычна недакладная трагікамедыя, таму мастацкага вымыслу тут не менш, чым дакладных фактаў.

Спектакль пра Скарыну па п'есе Віктара Марціновіча пакажуць анлайн. Паглядзець можна будзе ў любой краіне свету

«Кар'ера доктара Рауса» была пастаўлена рэжысёрам і мастацкім кіраўніком РТБД Аляксандрам Гарцуевым у красавіку 2017 года — да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дасюль гэта адзін з самых папулярных і любімых гледачамі спектакляў у рэпертуары тэатра.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Далучыцца да прагляду можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона.

Паказ спектакля «Кар'ера доктара Рауса» працягвае серыю прамых трансляцый з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якія відэасэрвіс VOKA пачаў праводзіць у 2020 годзе. Дзякуючы гэтаму гледачы ўжо змаглі ўбачыць анлайн-прэм'еру трагікамедыі «Профіт», а таксама святочны вечар «Наш Караткевіч», прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.