Навіны

У маразы пад Гродна знайшлі новы від птушак для Беларусі - качку-каралінку

17 студзеня на Нёмане ўпершыню ў нашай краіне назіралася качка-каралінка, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Назіранне незвычайнай птушкі зрабілі мінскія і гродзенскія сябры Клуб200 АПБ Таццяна Каржыцкая, Юрый Шашэнька, Максім Косцін і Дзмітрый Вінчэўскі.

Чаму назіральнікі радуюцца маразам

У надзеі пабачыць рэдкія ў Беларусі на зімоўцы віды мінчане выбраліся на выходныя ў Гродна, каб абследаваць незамерзлыя ўчасткі рэк Ласасянкі і Нёмана, ачышчальныя сажалкі завода «Гродна-Азот».

— Вялікія маразы і шмат снегу радуюць гэтай зімой не толькі дзетак, — кажа Дзмітрый Вінчэўскі. — Назіральнікі птушак у такое надвор’е маюць шанец убачыць у нас тыя віды, якія звычайна адзначаюцца вельмі рэдка. Многія птушкі стараюцца трымацца адкрытай вады. Месцаў такіх робіцца вельмі мала, таму і знайсці такія віды ў гэты час у гэтых месцах лягчэй. Часам, акрамя чаканых і жаданых відаў, можна сустрэць і нечаканыя.

Знайшлі выпадкова

Спачатку птушкары паназіралі на Ласасянцы за зімародкамі, вадзяным пастушком, берасцянкамі, малінаўкай, лясной завірушкай і чорнагаловай лескай (апошнія два віды -вельмі рэдкія зімоўшчыкі ў Беларусі), аднак аляпку, якая там раней рэгулярна зімавала, не знайшлі. На заводскай сажалцы з цёплай вадой пабачылі белашчокую казарку і гусь-гуменніцу. Але горнага свірстуна, якога хацелі знайсці бёрдвочары, яны таксама не знайшлі.

Качка-каралінка, фота Юрыя Шашэнькі

— Каб знайсці яго, мы пераехалі праз увесь горад на супрацьлеглы ад сажалак «Азота» бераг Нёмана — туды, дзе насупраць адбываецца выкід ў рэку ачышчанай вады і з «Азота», і з водаканала, і тут і адбыліся незапланаваныя сюрпрызы! — расказвае Дзмітрый Вінчэўскі. — Сярод густога пару, які парывамі ветру разносіўся над вадой, Таццяна заўважыла незвычайную для нас качку, якая аказалася самцом качкі-каралінкі! Ён трымаўся трошкі адасоблена ад качак-крыжанак і цыранак, якія актыўна харчаваліся ля фантанаў.

Першая рэгістрацыя віду

Таццяна Каржыцкая, якая пачала актыўна назіраць за птушкамі ў 2015 годзе, натхніўшыся экскурсіяй АПБ у Лошыцкім парку, расказвае:

— Я заўважыла прыгожую качку, але не надта добра бачыла ў аб’ектыў фотакамеры і таму падумала, што гэта, магчыма, качка-мандарынка. Але Юры і Дзмітры адразу мяне паправілі, што гэта не мандарынка, а ўвогуле новы для Беларусі від — каралінка. Мы спрабавалі пабачыць, ці яна акальцаваная, і, здаецца, кальца не было. У любым выпадку, каралінка сталася добрым падарункам мне на дзень народзінаў. Цікава, што падняўшыся да машыны, мы пабачылі на плоце адрас: Каралінка, 61. Сімвалічна. Бо дзе яшчэ як не тут было шукаць гэтую заморскую качку?!

Зняць качку-каралінку праз дымку нялёгка. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

У суседніх Літве і Польшчы качкі-каралінкі ў дзікай прыродзе адзначаліся неаднакроць, але для Беларусі гэта першая рэгістрацыя віду ў дзікай прыродзе.

Даведка

Качка-каралінка (Aix sponsa) — паўночнаамерыканскі від, які ў Еўропе трымаюць не толькі ў заапарках, але і прыватныя калекцыянеры. Натуральным чынам, з Амерыкі, каралінкі даляталі пакуль толькі да Ісландыі. Усе іншыя сустрэчы з каралінкамі ў прыродзе ў розных краінах на нашым кантыненце лічацца назіраннямі збеглых з няволі асобін. Таму, згодна з катэгорыямі, якія прапанаваныя для ўсіх відаў птушак, адзначаных у Еўропе Асацыяцыяй еўрапейcкіх авіфаўністычных камісій па рэдкасцях (AERC), у якую ўваходзіць і Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК), качкі-каралінкі па-за Ісландыяй не ўваходзяць у асноўны Спіс відаў, які арнітолагі вядуць для кожнай краіны. Да гэтай катэгорыі належаць чужародныя віды, якія паходзяць з няволі, а таксама выпадкова прывезеныя ці інтрадукаваныя спецыяльна, якія пакуль не ўтварылі самастойных папуляцый на нашым кантыненце, як, напрыклад, канадская казарка.

Падзяліцца

Апошнія запісы

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025

У Беларусі распрацуюць экскурсію па храмах і могілках Воранаўшчыны

У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію "Па святынях Воранаўшчыны". Аўтар зможа зарабіць 2820…

23 красавіка 2025

Дом быту ў Гродне прадалі на аўкцыёне з пятай спробы

Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…

22 красавіка 2025

У гродзенскіх гатэлях амаль не засталося месцаў на травеньскія святы

У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…

22 красавіка 2025