Суд Іўеўскага раёна разгледзеў справу ІТ-інвестара Валерыя Астрынскага, якога затрымалі ўвечары 16 студзеня за сцяг, вывешаны на хутары ў вёсцы Барова.
Суд прысудзіў Астрынскаму штраф у памеры 20 базавых велічынь (580 рублёў), паведамляе dev.by,.
«Выязджаем з Іўя ў поўным складзе. Дзякуй усім вялікі за падтрымку! Нас вельмі, вельмі шмат!», — напісала у Facebook жонка Валерыя Таццяна Бакланава.
Тым не менш на само судовае пасяджэнне група падтрымкі і блізкія не патрапілі. Па словах Таццяны Бакланавай, суддзю выклікалі ў РАУС.
Нагадаем, сцяг з «Пагоняй» вісеў на хутарскай студні з лета. Міліцыя прыязджала ў суботу 16 студзеня двойчы: раніцай, каб скласці пратакол, і ўвечары, каб забраць гаспадара ў РАУС. Пры гэтым яна спаслалася на скаргу суседзяў.
«З учорашняга вечара Валера ў Іўеўскім РАУС. Кормяць, цёпла апрануты, суд у Іўі ў панядзелак гадзін у 10, — напісала ў Facebook яго жонка Таццяна Бакланава 17 студзеня. — У суботу ў 8 раніцы прыехала міліцыя. Паступіла скарга ад мясцовага жыхара (пару бабак-дзедак, ферма), яны павінны адрэагаваць. Склалі пратакол. Калі б проста Пагоня, то ок, але вось БЧБ-фон ніяк нельга. Упісалі адзіночны несанкцыянаваны пікет. Сказалі чакаць званка з запрашэньнем у Іўеўскі суд. У суботу ў 21.30 глядзім з малымі фільм, бачым фары на вуліцы. Гэта ў нас рэдкасць) І адразу стук у дзверы. Тыя ж таварышы, просячы прабачэння, кажуць, што планы памяняліся, начальства дало загад затрымаць. З рэчамі на выхад. А наогул, дзіўныя пачуцці ў мяне ў РБ 2021 ад ланцужка: скарга суседзяў, машына ў цемры, стук у дзверы, на выхад…»
Валерый Астрынскі — бізнэсмэн, інвестар, член праўлення Belarus Business Angel Network, уваходзіць у топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі па версіі выдання «Ежедневник».
Чытайце таксама: В Гродно на Советской задержали четверых. Среди них — известный бизнесмен