Мікрараёны Вішнявец, Фарты і Дзевятоўка 12 студзеня збіраліся прайсці маршам у памяць аб Рамане Бандарэнка — споўнілася два месяцы з дня яго смерці. Падчас маршу затрымалі сем чалавек. Версіі відавочцаў і міліцыі аб тым, што здарылася, адрозніваюцца.
Наперадзе калоны ішлі хлопец з дзяўчынай. Яны заўважылі сярод людзей знаёмых АМАПаўцаў у цывільным. Хлопец адправіўся папярэдзіць людзей пра гэта, тыя пачалі пакідаць калону. «Тады АМАПаўцы зразумелі, што пасткі не атрымалася, і пачалі хапаць выпадковых прысутных», — распавёў гродзенец Hrodna.life.
Мяркуючы па каналах у Telegram, гэта адбывалася ў перыяд 19.30−19.50. Сабралася на марш ад 50 да 100 чалавек. «Відавочцы перадаюць, што сярод ціхароў заўважылі жанчыну», — напісалі ўвечары 12 студзеня чытачы Hrodna.life.
УУС: «Працуем, браты!»
Міліцыя прадставіла сітуацыю па іншаму.
«Як толькі ўчора ўвечары невялікая група з сямі чалавек з незарэгістраванай сімволікай пачала збірацца, паблізу пачулася каманда „Працуем, браты!“. У выніку затрымана і дастаўлена ў РАУС сем удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства», — распавёў Яўген Дудко, начальнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Міліцыя таксама паведаміла, што дзякуючы АМАП маршы не адбыліся ў мікрараёнах Фарты і Дзевятоўка.
Калі затрыманых будуць судзіць, пакуль невядома
У дачыненні да семярых гродзенцаў пачалі адміністрацыйны працэс. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Як паведамілі блізкім затрыманых у Кастрычніцкім РАУС, выязных судовых пасяджэнняў у бліжэйшыя два дні не плануецца. Сярод затрыманых — сямейная пара. Іх дачка засталася з бабуляй.