Пацярпелыя АМАПаўцы не пазналі абвінавачаных, не здымалі пабоі, не заявілі іскаў аб кампенсацыі. 13 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гродна працягнуўся крымінальны працэс у дачыненні да пяці гродзенцаў. Іх пачалі судзіць за тое, што 6 верасня яны ўсталі ў счэпку і наблізіліся да сілавікоў на вул.Гарнавых, піша harodniaspring.org.
На лаве падсудных 5 чалавек — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.
Гродзенцаў абвінавацілі паводле арт. 342, ч. 1 і арт. 364 КК. Пацярпелымі па справе прызнаны 11 сілавікоў - Мінько, Дмухоўскі, Лісаў, Вавілонаў, Петрусенка, Базылевіч, Іваноў, Белы, Лабкоў, Скрабатун, Аскірка. Прозвішчы зменены.
У першы дзень працэсу былі заслуханыя ўсе 5 абвінавачаных. Апытанне пацярпелых сілавікоў ішло праз прыадчыненыя дзверы дарадчага пакою за плячыма суддзі дзеля іх беспекі «ў сувязі з рэальнай пагрозай жыццю».
Пятерых гродненцев судят за сцепку в сентябре. Потерпевшие — 11 силовиков
Пацярпелым АМАПаўца прызнала начальства
Першым апытвалі Івана Іванова. Ён заявіў, што 6 верасня надпісы «ОМОН» на іх чорным адзенні можна было ўбачыць. Натоўп рухаўся да маста на вуліцы Гарнавых, у іх руках былі сцягі, плакаты, яны выкрыквалі лозунгі палітычнага характару, расказаў пацярпелы.
Міліцыя выставіла ланцужок ад плоту да дарогі на вуліцы Гарнавых. Натоўп імкнуўся перарваць гэты ланцуг, арганізавана счапіўшыся ў «баявы парадак». Актыўных АМАПаўцы пачалі затрымліваць, у адказ людзі адчувальна штурхаліся, але міліцыянтаў не ўдарылі. Іваноў дубінку ў той дзень не выкарыстоўваў, затрымліваў тых, хто стаяў у счэпцы і штурхаўся.
Іваноў пацвердзіў, што цялесных пашкоджанняў ў яго і судмедэкспертызы не было. Натоўп скандаваў на адрас АМАПаўцаў «Фашысты!», што прычыніла яму маральныя пакуты. Абвінавачаных Іваноў не помніць і кампенсацыі маральнай шкоды з іх патрабаваць не будзе. Што АМАПавец — пацярпелы, вызначыла яго кіраўніцтва. Пасля 6 верасня, па словах Іванова, ён атрымліваў пагрозы праз Viber.
Сілавік: газ распылілі пратэстоўцы, а не АМАПаўцы
Белы і Аскірка заявілі, што нікога не затрымлівалі, спецсродкі не прымянялі. Белы сказаў, што газ распылілі пратэстоўцы, а не АМАПаўцы. Па яго словах, натоўп разганялі толькі з праезнай часткі дарогі. Белы адчуў боль, таму што па ім біў невядомы. Па медыцынскую дапамогу ён не звяртаўся, слядоў збіцця на целе ў яго не было. Людзі былі вельмі агрэсіўнымі і кідалі ў міліцыянтаў бутэлькі з вадой, сказаў ён. Яго сваякам пагражалі па тэлефоне.
Белы і Аскірка таксама не ўзгадалі абвінавачаных, аб кампенсацыі маральнай шкоды не заявілі.