Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанне далейшага развіцця вытворчасці на пляцоўцы «Гродна Азот». Размова ідзе аб будаўніцтве новага комплексу па вытворчасці азотных угнаенняў. Лукашэнка выказаўся 12 студзеня падчас сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Юрыем Назаравым і міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам, піша БЕЛТА.
— Як будзем будаваць, за якія грошы, з кім? Але калі мы вырашылі пабудаваць, значыць, трэба будаваць, калі гэта перспектыўнае прадпрыемства. Гэта будзе асноўнае прадпрыемства на пяцігодку. Вядома, пяць гадоў мы яго будаваць не будзем, але, тым не менш, трэба сучаснае прадпрыемства па вытворчасці азотных угнаенняў пабудаваць. Таму што на сённяшні дзень ёсць попыт, і ён будзе. Таму што не хапае прадуктаў харчавання ў свеце. А харчавання без угнаенняў не бывае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Улады заявілі, што ўзвядзенне новага азотнага комплексу «Гродна Азот» можа пачацца ў 2021 годзе.
Пра азотны комплекс раней выказаўся супрацоўнік заводу Уладзімір Жураўка:
— Амаль 15 гадоў працую — амаль 15 гадоў чую пра гэты комплекс. Такія казачныя грошы на яго патрэбныя, што проста нерэальна. Я ведаю каштарыс і сумы — яны былі непад’ёмнымі для дзяржавы, нават калі ў нас усё было добра. Абавязкова павінны былі быць інвестары, але ўмовы для іх былі не вельмі камфортныя. Гэта казка, гэта недасяжна — пры гэтай уладзе дакладна.