Адміністрацыйны пераслед 9 жніўня-31 снежня: агульная колькасць затрыманняў, якія адбыліся, склала не менш 26 577, пры гэтым колькасць затрыманых грамадзянаў - 25 326 чалавек. Гэта азначае, што больш за 1000 чалавек былі затрыманыя міліцыяй два і больш разоў, піша spring96.org.

Па падліках валанцёраў, за ўказаны перыяд было затрымана не менш як 170 непаўналетніх і мінімум 295 чалавек сталага ўзросту (60+). Найбольшую колькасць затрыманых, згодна з сабранымі дадзенымі, склалі людзі ва ўзросце ад 19 да 40 гадоў - больш за 10 500 чалавек.

Судамі краіны ў дачыненні да затрыманых было агулам вынесена не менш як 6 886 пастаноў аб арыштах і 3 889 пастаноў аб штрафах па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП (і ў асобных выпадках па арт. 17.1 КаАП).

Пры гэтым папярэджанне было вынесена толькі ў 87 выпадках, а колькасць спыненых справаў не перавысіла 20.

Пакаранне

Агульная колькасць сутак, якія адбывалі мірныя дэманстранты, за амаль пяць месяцаў склала 83 006, а базавых велічынь штрафаў - 66 663, што ў грашовым эквіваленце склала амаль 1 800 000 рублёў.

Найчасцей выносіліся рашэнне аб пакаранні 15 суткамі арышту — 2230 выпадкаў, а штрафамі часцей каралі ў 10, 20 і 30 базавых велічынь — 797, 692 і 634 выпадкі адпаведна.

Пры гэтым пры затрыманнях былі збітыя і моцна збітыя не менш як 381 чалавек, шпіталізацыя спатрэбілася ў 482 выпадках, не менш за 10 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненні і пяць чалавек былі забітыя.

Як збіралі дадзеныя?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з дапамогай актывістаў Валанцёрскай службы з 9 жніўня 2020 года збіраў дадзеныя пра колькасць затрыманняў на мірных акцыях пратэстаў з розных крыніц — паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, назіранняў за судамі, інфармацыі са СМІ і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым.

Праваабаронцы адзначылі, што атрыманыя дадзеныя не з’яўляюцца дакладнымі, афіцыйнай інфармацыі няма ў адкрытым доступе, а рэальны масштаб рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў большы і хаваецца ўладамі.