Гродзенка Юлія Аршун 28 верасня напісала каментар пад фатаграфіяй міліцыянта ў Telegram-чаце «Гродно для жизни». Ён палічыў яго абразлівым. На Юлію завялі крымінальную справу па арт. 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. 6 студзеня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Алена Пятрова прысудзіла гродзенцы два гады «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Юлія 28 верасня прагледзела відэазапіс з нядзельнага мітынгу, дзе міліцыя затрымлівала людзей. Паводле яе слоў, знаходзілася на эмоцыях і была абураная збіццём грамадзян, таму і пакінула абразлівы каментар. Фота, пад які напісала каментар, абрала выпадкова. Юлія кажа, што не ведала, што на фота — супрацоўнік органаў унутраных спраў. 30 кастрычніка ў яе дома правялі ператрус і забралі яе ў УУС Гродзенскага аблвыканкама. Там запісалі відэа з выбачэннем, якое міліцыя выклала ў сваіх сацсетках.
На фатаграфіі быў пацярпелы — участковы Путнікаў (верагодна, Вадзім Путнікаў, падпалкоўнік міліцыі) з двума супрацоўнікамі міліцыі - Каячам і Русаком. На мітынгу 27 верасня Путнікаў быў у цывільным адзенні і здымаў відэа на камеру. Яго суправаджалі двое калегаў у форме, якія тлумачылі заканадаўства і прасілі людзей разысціся. Па словах пацярпелага, ён пастаянна знаходзіўся разам з супрацоўнікамі міліцыі. Затым перачытваў Telegram-каналы і ўбачыў сваё фота, пад якім быў каментар. Ён успрыняў яго абразлівым для сябе як для супрацоўніка органаў унутраных спраў і палічыў, што яго пакінулі з-за выканання яго дзейнасці. Абвінавачванне лічыць, што Юлія ведала, што на фота — супрацоўнік міліцыі.
Сведкі Каяч і Русак пацвердзілі, што ў той дзень вялі службу, тлумачылі заканадаўства, а пацярпелы знаходзіўся каля іх і вёў здымку. Яны палічылі, што карыстальнікам Telegram дакладна вядома, што здымку вядуць супрацоўнікі міліцыі, «з прычыны падзей, якія адбыліся пасля выбараў».
Читайте также: Четырех гродненцев начали судить за насилие над милиционерами у «Галактики». Их обвинили в преступном сговоре
Юлія папрасіла прабачэння перад пацярпелым. Яе асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, як і прасіў пракурор. Змякчальнымі абставінамі палічылі малалетнюю дачку Юліі. Арышт з ноўтбука знялі, а тэлефон вырашылі канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства. Адвакат лічыў, што Юлію варта апраўдаць, так як абвінавачванне грунтавалася на здагадцы, што яна пазнала ў пацярпелым міліцыянта — гэта значыць, не было складу злачынства.
— Нягледзячы на ўсё сказанае дзяржаўным абвінаваўцам, я лічу, што абвінавачаная зрабіла адпаведныя высновы, падчас судовага паседжання прынесла свае прабачэнні. Таму прашу прымяніць мінімальнае пакаранне, ўлічыць усе змякчальныя абставіны, — сказаў пацярпелы Путнікаў. Ён не заяўляў грамадзянскі іск і не патрабаваў ад пацярпелай кампенсацыі маральнай шкоды.