У апошні тыдзень 2020 года суд Лідскага раёна за супраціў пры затрыманні прысудзіў тры гады абмежавання волі мужчыне, які 8 траўня кіраваў аўтамабілем каля мяжы без правоў, адмовіўся прайсці на заставу і ўдарыў нагой у твар вайскоўца, піша tops.gpk.gov.by.
Жыхар Воранаўскага раёна будзе адбываць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Таксама яму прысудзілі 2000 рублёў грашовай кампенсацыі пацярпеламу вайскоўцу.
Мужчыну затрымалі з ужываннем фізічнай сілы 8 траўня. Ён кіраваў аўтамабілем у населеным пункце паблізу дзяржаўнай мяжы без дакументаў. У ходзе праверкі паграннарадам мужчына адмовіўся прайсці на заставу для высвятлення яго асобы. Акрамя таго, ён аказаў супраціў пры затрыманні і нанёс удар нагой у твар вайскоўцу тэрміновай службы.
Тады суд прыцягнуў мужчыну да адміністрацыйнай адказнасці паводле двух артыкулаў у выглядзе штрафаў на 3915 рублёў. Ён раней парушаў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. Таксама ён з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы па факце парушэння мяжы на транспартным сродку ў канцы лістапада мінулага года.