Кліматычныя рэкорды ў 2020 годзе: яшчэ ў пачатку студзеня тэмпература паветра была на 5 градусаў вышэйшай за кліматычную норму. У цэлым у Гродзенскай вобласці 2020 год апынуўся на 2,3 градуса па Цэльсіі вышэй за кліматычную норму і, тым самым, заняў першае месца як самы цёплы з 1945 года, паведамляе «Гродна Плюс».
За ўвесь год выпала 78% ападкаў ад агульнай нормы. Самым засушлівым месяцам стаў красавік. Тады выпала толькі 22% ападкаў. Дарэчы, такі сухі вясновы месяц за 76 гадоў метэаролагі фіксавалі толькі 4 разы. Адзначыўся і верасень — усяго 34% ападкаў ад нормы.
У Гродзенскай вобласці такі засушлівы пачатак восені адзначалі толькі тры разы за ўвесь час назіранняў. А вось самым дажджлівым стаў чэрвень мінулага года. Тады выпала 118% ападкаў ад нормы. Не скупілася прырода і на цяпло ў 2020 годзе. Сярэдняя тэмпература паветра амаль у кожным месяцы перавышала норму.
Найбольшымі станоўчымі анамаліямі адзначыліся студзень і люты — на 6 градусаў вышэй за кліматычную норму, а таксама і кастрычнік з тэмпературай за месяц вышэй за норму на 3 градусы. Такімі цёплымі яны выдаліся ўпершыню за 76 гадоў. Каляндарная зіма і восень сталі самымі цёплымі за ўсю гісторыю метэаназіранняў.