Аляксандар Камісараў з Карэлічаў актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі. Ён паверыў у праект «Страна для жизни». Зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, ствараў тэлеграм-чаты, удзельнічаў у мірных акцыях, піша С**бода.

Ратуючыся ад перасьледу ў Беларусі, Аляксандар незаконна перайшоў мяжу і цяпер жыве ў закрытым лягеры для ўцекачоў ва Ўкраіне.

У Карэлічах у яго засталіся жонка, дзеці, праца. У пэрспэктывах — легалізавацца ва Ўкраіне. Далей — невядома. «Як і многія беларусы, спадзяюся на зьмены ў нашай краіне. Дзеці часта пытаюцца — калі я вярнуся? Я ня ведаю, што ім адказаць», — кажа ўцякач. Ягоным сынам — 6 і 13 гадоў.

Што змусіла яго да ўцёкаў праз Расею ва Ўкраіну?

Аляксандар — не грамадзянін Беларусі, хоць і жыў тут усё сьвядомае жыцьцё. Нарадзіўся ён у Казахстане. Але ў школу пайшоў у Беларусі, вывучыўся, ажаніўся, меў сваю невялікую справу як індывідуальны прадпрымальнік. Грамадзянства не займеў, жыў тут па відзе на жыхарства.

«У траўні вырашыў хоць нешта зрабіць для таго, каб у маім жыцьці і жыцьці іншых беларусаў адбыліся зьмены. Зьбіраў подпісы ў Карэлічах і Наваградку, стварыў чаты — спачатку ў Viber, потым у Telegram. Першы раз мяне затрымалі яшчэ ў ліпені ў Наваградку на мірнай акцыі. Тады атрымаў штраф. Потым пачаўся ціск з боку нашай міліцыі. Мне пагражалі дэпартацыяй, арыштам. Настойвалі, каб спыніў сваю дзейнасьць», — расказвае Аляксандар.

«Сыстэма зрабіла сваю справу». Як актывіст з райцэнтру апынуўся ў закрытым лягеры для бежанцаў

У Карэлічах, паводле словаў уцекача, на збор подпісаў прыходзілі і 300, і 500 чалавек. Пасьля выбараў былі тут і мірныя акцыі, і жаночыя — «усё як у людзей». Але калі пратэстоўцаў пачалі лавіць, штрафаваць, караць суткамі — актыўнасьць згасла. «Бо гэта невялікі райцэнтар, у нас невялікія заробкі, людзі баяцца, канечне, тую ж працу страціць. Маёй жонцы таксама давалі штраф за здымак з акцыі», — кажа Аляксандар.

Другое затрыманьне адбылося яшчэ да выбараў — 6 жніўня. Аляксандар атрымаў арышт на 12 сутак. Тым часам у яго дома прайшоў вобшук. Міліцыя забрала тэхніку, тэлефоны. «Ціснулі на сям’ю, жонку дапытвалі па 12 гадзін, цешчы далі штраф — бо яна сварылася зь міліцыянтамі, спрабавала выгнаць іх з кватэры. Яе выводзілі потым у наручніках», — кажа Аляксандар.

«Сыстэма зрабіла сваю справу». Як актывіст з райцэнтру апынуўся ў закрытым лягеры для бежанцаў

Галосна ён больш ня браў удзелу ў акцыях, але міліцыю гэта не спыніла. У канцы кастрычніка яго дапытвалі ў Сьледчым камітэце наконт вядзеньня чатаў у Telegram як сьведку.

«Іх цікавілі мае магчымыя знаёмствы з палітычнымі блогерамі, тым самым Ціханоўскім, і ці плаціў мне хто грошы…»

Калі ўручылі позву ў міліцыю бяз дай прычыны і зноў пачаліся размовы пра магчымую дэпартацыю — Аляксандар вырашыў уцякаць.

Шэсьць месяцаў у закрытым лягеры ў чаканьні легалізацыі

У лістападзе ён нелегальна перайшоў мяжу з Расеі ва Ўкраіну і папрасіў палітычнага прытулку. Так трапіў у закрыты лягер для бежанцаў. Суд пастанавіў, што там Аляксандар прабудзе шэсьць месяцаў, пакуль міграцыйныя ўлады ня вырашаць яго лёс. Калі не пасьпеюць — то тэрмін будзе працягнуты яшчэ на шэсьць месяцаў.

«Больш за ўсё перажываю за жонку і дзяцей… Сам я зьехаў, а растэрміноўкі, камунальныя, розныя аплаты нікуды ня дзеліся. Усё ж я прыносіў асноўны прыбытак. Але арышт ці дэпартацыя — таксама ня выйсьце. Міліцыянты і пасьля маіх уцёкаў прыходзілі на працу да жонкі, распытвалі пра мяне. Гэта, мякка кажучы, непрыемна», — кажа ўцякач.

Лягер звонку
Лягер звонку

Лягер, паводле Аляксандра, падобны да турмы. Тут высокі плот з калючым дротам, ахова, камэры. Пакідаць тэрыторыю лягера нельга, наведваць уцекачоў — таксама. Асноўны кантынгент лягера — выхадцы з афрыканскіх краін, Сярэдняй Азіі, ёсьць некалькі расейцаў і адзін беларус — Аляксандар.

Жыцьцё ў лягеры жыцьцё падобнае да турэмнага, і харчаваньне таксама. «Хочацца, канечне, на свабоду. Магчыма, адвакаты ці праваабаронцы дапамогуць раней выйсьці зь лягера з даведкай, што я падаўся на ўцекача і магу жыць на тэрыторыі Ўкраіны. Сям’я наўрад ці пераедзе да мяне… Трэба ж за нешта жыць тут, працаваць… Спадзяюся на перамены ў Беларусі», — кажа Аляксандар.

У лягеры
У лягеры
«Сыстэма зрабіла сваю справу». Як актывіст з райцэнтру апынуўся ў закрытым лягеры для бежанцаў
У лягеры