Аляксандр Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы памочнікаў — інспектараў па абласцях і Мінску, паведамляе яго прэс-служба. Спіс замацаваны ва ўказе № 503, падпісаным 29 снежня.
У дакуменце выкладзена новая рэдакцыя Палажэння аб памочніка Прэзідэнта Беларусі, зацверджанага Ўказам № 40 ад 13 лютага 2017 года.
Памочнікі могуць:
- прыцягваць да выканання даручэнняў прэзідэнта дзяржаўныя органы і арганізацыі, у тым ліку сістэмы забеспячэння бяспекі,
- пры прад’яўленні службовага пасведчання бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні дзяржаўных органаў і арганізацый,
- у выпадку выяўлення фактаў безгаспадарчасці, парушэнняў заканадаўства, вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны хадайнічаць перад дзяржорганамі і арганізацыямі аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці або ўжыванні іншых мер уздзеяння ў дачыненні да службовай асобы, у рашэннях ці дзеяннях (бяздзейнасці) якога бачацца парушэнні.
Сярод дадатковых функцый памочнікаў:
- выяўленне ў рэгіёнах крыніц і фактараў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспекі,
- па кантроль, аналіз і прагназаванне грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў,
- унясенне прапаноў па забеспячэнню ўнутрыпалітычнай стабільнасці ў рэгіёне, у тым ліку аб умацаванні правапарадку, і іншыя.
29 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызначыў трох новых памочнікаў прэзідэнта. Былы міністр МУС Юрый Караеў стаў памочнікам па Гродзенскай вобласці. Тады Лукашэнка анансаваў пашырэнне паўнамоцтваў сваіх памочнікаў.
Напярэдадні Караеў расказваў аб сваіх абавязках ў інтэрв'ю: праца з кадрамі, іх падбор, прызначэнне, становішча спраў у працоўных калектывах, кантроль за арганізацыяй дзейнасці праваахоўных і сілавых органаў, у першую чаргу — вертыкаль улады, і прыёмы грамадзян.
Да гэтага ён казаў, што працуе з новымі для сябе сферамі:
«Тут жа вельмі шмат усяго, шырокі спектр пытанняў: эканоміка, сяло, каровы, часалкі, надоі, рэнтабельнасць прадпрыемстваў — каб усё працавала. Ну вось людзей больш за ўсё турбуюць дарогі, асвятленне, ласі выбягалі, суседзі няўжыўчывыя, што там яшчэ? Ацяпленне, старыя адміністрацыйныя і крымінальныя справы (радзей, слава Богу!), якія, як людзям здаецца, не вырашаюцца», — тлумачыў ён.
Чытайце таксама: «Без насилия невозможно». Юрий Караев рассказал в интервью о патриотизме, крещении и смысле жизни