Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 35-гадовага жыхара Дзятлаўскага раёна. З лета 2019 года мужчына размяшчаў на сваёй старонцы ў інтэрнэце матэрыялы, накіраваныя на «распальванне сацыяльнай варожасці». Ён жа заклікаў да «гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў і членаў іх сем’яў», паведамілі ў МУС Беларусі.

Распачалі крымінальную справу за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Мужчына раскаіўся і папрасіў прабачэння ва «ўсіх, каго пакрыўдзіў».

У 2017 годзе мужчыну ўжо судзілі па аналагічным артыкуле. За абнародаванне ў сацсетцы відэазапісу са збіццём замежніка суд прысудзіў яго да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Падазраваны — бацька трох малалетніх дачок. Як сцвярджаюць у МУС, прытрымліваецца нацыяналістычных поглядаў і з’яўляецца актыўным членам незарэгістраванай групоўкі «скінхэды».