У беларускім парламенце прапанавалі прыняць закон аб замежных агентах, паведамілі на АНТ. Аналагічны існуе ў Расіі.

Ініцыятыву тлумачаць «знешнім умяшаннем у справы суверэннай дзяржавы, якое непрыкрыта дэманструе Захад у адносінах да Беларусі» і неабходнасцю абароны суверэнітэту. Новы закон дазволіць аддзяляць канструктыўнае супрацоўніцтва ад спроб умяшання".

— Справа ў тым, што грамадскія арганізацыі або групы па інтарэсах, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, у выніку працуюць не для развіцця Рэспублікі Беларусь і не ў інтарэсах беларускіх грамадзян, а праводзяць пэўны знешні парадак дня. Гэта можа наносіць шкоду альбо зніжаць эфектыўнасць развіцця нашай краіны. Мы не будзем гэтага забараняць, гэта не з’яўляецца міжнароднай практыкай. Але, па-за ўсякім сумневам, уся гэтая дзейнасць павінна дакладна рэгулявацца і быць зразумелая, — сказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

Дэпутаты ўжо папрасілі напрацоўкі ў расійскіх парламентарыяў. Новы закон могуць прыняць на працягу года.

Закон аб некамерцыйных арганізацыях — замежных агентах — існуе ў Расіі з 2012 года. Згодна з законам аб НКА, расійская некамерцыйная арганізацыя, якая атрымоўвае фінансаванне з-за мяжы і ўдзельнічае пры гэтым у палітычнай дзейнасці, надзяляецца статусам «замежны агент». У дачыненні да яе дзейнічае значна больш жорсткі фінансавы і іншы кантроль з боку дзяржавы. За невыкананне патрабаванняў закона чакае крымінальная адказнасць.

З 2017 года «замежнымі агентамі» у Расіі могуць прызнаваць СМІ, з 2018-га — некамерцыйныя арганізацыі, якія атрымліваюць грошы не толькі наўпрост ад замежных структур, але і ад расійскіх юрыдычных асоб з замежнымі крыніцамі фінансавання. У гэтым годзе спіс «замежных агентаў» і абмежаванняў для іх могуць пашырыць, паведамляе BBC.

Чытайце таксама: «Некалькі генэрацый спэцыялістаў знікнуць зь Беларусі». Прэзідэнт EPAM пра магчымыя наступствы палітычныга крызісу