У Беларусі з 1 студзеня прапануюць адмяніць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху і замяніць яе транспартным падаткам. Яго памер будзе ніжэй за дзяржпошліну.
Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2021 год, паведаміў 17 снежня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, піша БелТА.
Стаўкі падатку ў параўнанні з цяперашнімі стаўкамі дзяржпошліны могуць знізіцца ў сярэднім на 25% для фізічных асоб і 15% - для арганізацый. Выплата транспартнага падатку будзе не прывязаная да тэхагляду. Падатак будзе спаганяцца за год зыходзячы з масы аўтамабіля і фактычнага часу валодання машынай. За аўто масай 1−1,5 тоны прыйдзецца плаціць у сярэднім каля Br60−80 у год.
Для больш глыбокай дыферэнцыяцыі ставак для фізічных асоб у дачыненні да легкавых аўтамабіляў з масай ад 1,5 да 2,5 т будзе прымяняцца крок 250 кг замест 500 кг.
Тыя, хто ў 2020 годзе ўжо паспелі заплаціць дзяржпошліну, не будуць плаціць транспартны падатак да заканчэння тэрміну яе дзеяння.
Стаўкі падатку для пенсіянераў прапануецца знізіць на 50%, для інвалідаў III групы — на 25%. Машыны, зарэгістраваныя да 1 студзеня 1992 года, або ў дачыненні да якіх дата рэгістрацыі не можа быць выяўленая, не будуць прызнавацца аб’ектам падаткаабкладання. Таксама падатак не будзе збірацца з транспартных сродкаў, знятых з уліку з 1 студзеня да 1 ліпеня 2021 года.
Падатак у 2021 годзе трэба будзе заплаціць не пазней за 15 снежня.