8 лістапада да ратавальнікаў звярнуўся жыхар вёскі Старына Дзятлаўскага раёна і паведаміў пра тое, што ў яго калодзежы на глыбіні каля 20 метраў знаходзіцца кацяня. Выцягнуць яго не атрымлівалася, піша grodno.mchs.gov.by.
Высветлілася, што раніцай мужчына падышоў да калодзежа набраць вады і пачуў мяўканне. Агледзеўшыся вакол, нікога не знайшоў і здагадаўся, што гукі раздаюцца з дна. Ён падсвятліў ліхтарыкам і ўбачыў кацяня. Узровень вады быў каля паўметра, і гаспадар пры дапамозе помпы адпампаваў яе, каб жывёла не захлынулася.
На падворку ўсталявалі трыногу, пры дапамозе лябёдкі апусцілі байца ўніз і паспяхова эвакуіравалі кацяня. Пасля правядзення выратавальнай аперацыі мужчына малога адагрэў, пакарміў і пакінуў у сябе.