7 снежня ў Гродне запалілі навагоднюю ілюмінацыю — уключылі галоўную ёлку горада на Савецкай плошчы. Тут сабраліся некалькі дзесяткаў гродзенцаў. На сцэну выйшлі Дзед Мароз і Снягурка, дзеці праспявалі песні. Hrodna.life падрыхтаваў відэа з мерапрыемства.
У гэты час плошчу патрулявала міліцыя, там дзяжурылі начальнік АМАПу Віктар Краўцэвіч і намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталь Стасюкевіч.
На мерапрыемстве актывіста Ежы Грыгенча ў масцы з бел-чырвона-белай палоскай затрымалі. Адпусцілі пасля таго, як ён змяніў маску на сінюю. Актывіст напісаў пра гэта ў Facebook.
Якія навагоднія мерапрыемствы пройдуць пазней?
10 снежня. У 17.00 у парку Жылібера адкрыюць алею дызайнерскіх елак. Дзясяткі ёлак па традыцыі прадставяць гродзенскія прадпрыемствы і арганізацыі. У ёлках яны адаб’юць сваю дзейнасць з дапамогай элементаў і ўпрыгожванняў святочнай канструкцыі. У гэты ж дзень пачнецца рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці».
11 снежня. Пройдзе навагодні аўтапрабег касцюміраваных аўтамабіляў ад прадпрыемстваў і арганізацый горада Гродна з удзелам Дзядоў Марозаў і Снягурак. Канчатковы маршрут мерапрыемствы прапрацоўваецца. Плануецца, што аўтапрабег пройдзе па мікрараёнах горада Гродна з канцавым прыпынкам на плошчы Савецкай.
На плошчы Савецкай адкрыецца і калядны кірмаш. Перыметр плошчы Савецкай абяцаюць падзяляць. Асобнае месца, да прыкладу, адвядуць прадуктовай зоне, дзе можна пачаставацца глінтвейнам, імбірным печывам і многім іншым. У прамтаварнай — набыць для родных і блізкіх арыгінальныя падарункі і сувеніры. Таксама размесцяцца на кірмашы ёлачны базар, фотазоны і дэкаратыўныя фігуры і іншыя святочныя ілюмінацыі. Працаваць калядны кірмаш будзе штодня да 17 студзеня.
18 снежня. У Цэнтры рамёстваў «Наследие» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры па вуліцы Рэйманта, 12, адбудзецца адкрыццё маёнтка Дзеда Мароза. А 24 снежня на базе Гродзенскай абласной філармоніі ў 11.00 плануецца правядзенне дабрачыннага дзіцячага свята «Волшебство на Рождество».
1 студзеня. З гадзіны ночы і да чатырох раніцы на плошчы Савецкай пройдзе навагодняя канцэртна-забаўляльная праграма. Будзе Дзед Мароз і Снягурка, шмат музыкі і танцаў. Залпы святочнага феерверка пачнуць гучаць роўна праз дзве гадзіны пасля бою курантаў.
Когда в Гродно начнут праздновать Новый год и как провести 1 января в городе