Новости

«Спатрэбілася карэкцыя». У Міністэрстве энергетыкі пракаментавалі здарэнне на БелАЭС

На першым энергаблоку БелАЭС працягваюцца комплексныя выпрабаванні. У ходзе аднаго з іх здзейснена скідванне пары для тэставання сістэм і абсталявання, паведаміў Telegram-канал Міністэрства энергетыкі.

Скідванне пары прадугледжвалася праграмай, сцвярджае ведамства. У выніку яго выявілі «неабходнасць дадатковай карэкціроўкі працы накрывак шумапаглынальнікаў пары».

«Выпрабаванні будуць працягнутыя ў адпаведнасці з графікам этапных працаў. Цяпер першы энергаблок уключаны ў сетку», — сказана ў паведамленні, якое з’явілася на канале ўвечары 1 снежня.

Эколагі заяўляюць аб надзвычайным здарэнні

30 лістапада эколагі, са спасылкай на свае крыніцы, заявілі аб магчымым надзвычайным здарэнні на Беларускай АЭС. Нібыта 20 лістапада яны атрымалі інфармацыю аб ім і звязанай з ім няспраўнасці рэзервовай сістэмы астуджэння рэактара першага энергаблока БелАЭС.

У паведамленні, на якое яны спасылаюцца, гаварылася: «Па інфармацыі з арганізацыі, якая цесна працуе з БелАЭС па пытаннях бяспекі, пры заканчэнні гідравыпрабаванні на АЭС адбылося буйное здарэнне. З-за неадчыненага клапана, пры адпампоўцы вадкасці ў канцы выпрабаванняў, быў пашкоджаны танкер сістэмы аварыйнага ахладжэння першага рэактара. Хутчэй за ўсё адбылася імплозія бака. Ён патрабуе замены, але паколькі замена бака раўназначна прызнанню аварыі — яго замест гэтага спрабуюць паправіць. Такім чынам мы маем „гарачы“ рэактар з рэзервовай сістэмай аварыйнага астуджэння, якая функцыянуе пазаштатна (у лепшым выпадку)».

У апублікаванай заяве адзначана, што эколагі атрымлівалі інфармацыю, якая пацвярджае факт здарэння, з розных крыніц на працягу верасня-кастрычніка. На іх запыт Дзяржатамнагляд 13 кастрычніка адказаў, што падчас правядзення выпрабаванняў пазаштатных сітуацый не было. Тым не менш, эколагі перакананыя, што інфармацыя аб надзвычайным здарэнні заслугоўвае пільнай увагі, і патрабуюць неадкладнага спынення ўсіх работ па доследна-прамысловай эксплуатацыі.

«Існуе верагоднасць таго, што рэактарная ўстаноўка працуе без сістэмы аварыйнага ахладжэння першага рэактара. Падобнае недапушчальна і можа прывесці да цяжкай запраектнай аварыі па тыпу фукусімскай», — сказана ў заяве.

Літва запрасіла інфармацыю аб аварыі

1 снежня Дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі (ДІБАЭ) Літвы запрасіла ў МНС Беларусі інфармацыю аб магчымай аварыі на запасной сістэме астуджэння першага блока БелАЭС.

«ДІБАЭ звярнулася ў Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі з тым, каб атрымаць дэталёвую інфармацыю аб няспраўнасцях у рэзервовай сістэме астуджэння рэактара першага блока, стане гэтай сістэмы і ўплыве магчымых няспраўнасцяў на забеспячэнне бяспекі блока пры правядзенні работ па яго запуску», — паведамілі ў інспекцыі агенцтву.

7 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы. Аднак ужо на наступны дзень выпрацоўка электраэнергіі была прыпыненая праз выхад з ладу трансфарматараў напружання.

Чытайце таксама: «Выявлена необходимость замены отдельного оборудования». Почему остановилась только запущенная БелАЭС

Віцэ-прэзідэнт «Атамстройэкспарта» — структурнага падраздзялення «Расатама», які займаецца замежным будаўніцтвам, — кіраўнік праекта будаўніцтва БелАЭС Віталь Палянін патлумачыў, што з ладу выйшлі трансфарматары напругі з вымяральнай схемы абароны блокавага трансфарматара ў выніку ўнутранага кароткага замыкання. У выніку абсталяванне італьянскай вытворчасці замянілі на трансфарматары з запасаў канцэрна «Расэнергаатам».

19 лістапада першы энергаблок БелАЭС зноў быў уключаны у сетку энергасістэмы.

Аднак неўзабаве з’явілася неафіцыйная інфармацыя нібыта пра чарговыя складанасці пры выпрабаваннях першага энергаблока, што вылілася ў спыненне турбіны.

24 лістапада ў вячэрнім эфіры «Беларусь 1» заявілі, што цяпер першы энергаблок БелАЭС працуе на 40% ад заяўленай магутнасці. На станцыі перайшлі да этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі: каб выйсці на запланаваны ўзровень магутнасці — 1190 МВт, — спачатку будуць то падвышаць, то паніжаць магутнасць і нават пры неабходнасці спыняць працу турбагенератара.

Чытайце таксама: Полный ввод БелАЭС перенесен на 2022 год. Куда планируют потратить электроэнергию

Падзяліцца

Апошнія запісы

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025

У Беларусі распрацуюць экскурсію па храмах і могілках Воранаўшчыны

У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію "Па святынях Воранаўшчыны". Аўтар зможа зарабіць 2820…

23 красавіка 2025

Дом быту ў Гродне прадалі на аўкцыёне з пятай спробы

Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…

22 красавіка 2025

У гродзенскіх гатэлях амаль не засталося месцаў на травеньскія святы

У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…

22 красавіка 2025