Юрый Панасюк летам 2020 года зрабіў ВКонтакте рэпост фота з выявай Аляксандра Лукашэнкі і надпісамі, якія змяшчаюць, па версіі Следчага камітэта, абразу. У верасні супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 КК — Публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Юрыя абвінавачваюць у тым, што з 2 па 26 ліпеня 2020 года ён на сваёй старонцы ВКонтакте, якая знаходзіцца ў вольным доступе для іншых карыстальнікаў сеткі, «размясціў выявы, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Г., якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, чым публічна абразіў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
«Сабраныя матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, якія паказваюць на прыкметы злачынства», напісаў старшы следчы другога следчага аддзялення Гродзенскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь маёр Конан А.В. у пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы і прыняцці яе да вытворчасці. Копія дакумента ёсць у рэдакцыі Hrodna.life.
Юрый не лічыць сябе вінаватым, сказаў ён Hrodna.life. Пасля завядзення крымінальнай справы ён выдаліў фота са старонкі Укантакце. Па яго словах, у Віцебску правялі лінгвістычную экспертызу. Абразай прызналі слова «мразь» і «дурань». Копій экспертызы ў Юрыя не засталося.
Па словах Юрыя, яго дапытвалі ў Следчым камітэце і Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Юрый сцвярджаў, што яго ў кастрычніку прызналі абмежавана прытомным на псіхіятрычнай экспертызе ў лячэбным прыватным унітарным прадпрыемстве «Вэзервовыя магчымасці чалавека» ў Мінску. Са студзеня 2020 года яго прызналі інвалідам трэцяй групы пасля агляду ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-Наркалогія». Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Хільмановіч сказаў, што складана спрагназаваць, як гэта паўплывае на ход справы.
Юрыю Панасюку 31 год. Ён часова беспрацоўны. Раней падпрацоўваў вартаўніком і дворнікам. Пенсія па інваліднасці складае 193 рублі. Жыве з маці-пенсіянеркай. Раней не судзімы. Юрый выступае супраць смяротнага пакарання і інтэграцыі Беларусі і Расіі. Плануе балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі на наступных выбарах.