У судзе Лідскага раёна 24 лістапада абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Яўгена Вінчы, якога вінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Суд пастанавіў: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, піша spring96.org.

Справу разглядў суддзя Максім Філатаў, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Роўба.

Пра інцыдэнт і крымінальную справу амаль нічога невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.

12 жніўня ў цэнтры Ліды каля будынка райвыканкама адбылася акцыя мірнага пратэсту. Сюды прыйшлі таксама святары. Праз нейкі час праваахоўнікі папрасілі ўсіх разысціся. Затым пачаліся жорсткія затрыманні на вуліцах і здзекі над затрыманымі. У адказ пратэстоўцы кінулі некалькі камянёў у міліцэйскі транспарт.

Па словах пацярпелых і сведкаў, у здзеках удзельнічалі АМАПаўцы і мясцовыя міліцыянеры.

Яўгена Вінча таксама пры затрыманні збівалі, а потым абвінавацілі ў тым, што юнак учыніў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Напачатку судовага паседжання пракурор заявіў хадайніцтва аб тым, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме, маўляў, у працэсе ёсць сакрэтныя асобы, якіх нельга падвяргаць небяспецы.

Пад час папярэдніх судовых пасяджэнняў пракурор Роўба запрасіў для Яўгена Вінчы два гады пазбаўлення волі. Таксама задаволены іск аб матэрыяльнай прэтэнзіі пацярпелага ў памеры 2 000 рублёў.

Лидчанина судят за насилие над милиционером на закрытых заседаниях из-за «секретных лиц»