Высокарэнтабельныя арганізацыі павінны пералічыць у рэспубліканскі бюджэт частку прыбытку. Рашэнне аб тым, куды накіраваць грошы бюджэтнага Фонду нацыянальнага развіцця, прымае прэзідэнт. Onliner.by папрасіў Мінфін паказаць, на што былі выдаткаваныя грошы ў мінулым годзе.
Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця быў створаны ў 2005 годзе ўказам прэзідэнта № 637.
У ім сказана, што крыніцай фармавання фонду з’яўляецца частка прыбытку (даходу) асобных высокарэнтабельных унітарных прадпрыемстваў, дзяржаўных аб’яднанняў і гаспадарчых таварыстваў звыш часткі прыбытку, якая пералічваецца ў бюджэт «у мэтах рэалізацыі найбольш важных эканамічных і сацыяльных праектаў дзяржавы». Спіс такіх прадпрыемстваў змяняецца і перазацвярджаецца Саўмінам штогод.
«Расходаванне сродкаў фонду ажыццяўляецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Памер і адрозненне звычайнага прыбытку ад звышпрыбытку (як і мяжа рэнтабельнасці і звышрэнтабельнасці) ва ўказе не ўдакладняюцца.
Усе сабраныя грошы бюджэтуюцца ў плане наступнага года і зацвярджаюцца ў «Законе аб бюджэце».
Так, аб бюджэце на 2020 год у законе напісана, што на фінансаванне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы (без уліку рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскага дарожнага фонду, сродкаў, прадугледжаных на захаванне і пашырэнне сельскагаспадарчых зямель, вядзенне лясной гаспадаркі, іншыя пытанні ў галіне дарожнай гаспадаркі) у суме выдзелена 269 300 000 рублёў, уключаючы сродкі дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага Фонду нацыянальнага развіцця ў суме 105 204 000 рублёў.
Летась было запланавана выдаткаваць 80 млн рублёў.
— За кошт сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага Фонду нацыянальнага развіцця штогод у рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ажыццяўляецца будаўніцтва асобных сацыяльна значных аб’ектаў, — паведамілі ў прэс-службе Мінфіна.
Вось самыя буйныя з аб’ектаў плана мінулага года, па якім было выдаткавана 79,9 млн рублёў:
- інфраструктура для Беларускай АЭС (будаўніцтва жылых дамоў для работнікаў АЭС, уключаючы інжынерную і транспартную інфраструктуру і іншыя аб’екты інфраструктуры: аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, агульнаадукацыйныя школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы аховы здароўя і інш.);
- будаўніцтва спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў;
- новы корпус Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава з прыбудаваным інтэрнатам;
- рэстаўрацыя Нацыянальнага мастацкага музея;
- будаўніцтва аб’ектаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку;
- удзел у будаўніцтве эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір».