18 лістапада не працягнулі кантракт з дырэктарам ліцэя № 1 Ліды Юрыем Хроміным. Ён выступіў супраць фальсіфікацый выбараў і гвалту. У кастрычніку мясцовыя жыхары спрабавалі падтрымаць кіраўніка школы зборам подпісаў, але да ліцэя прыехала міліцыя і запатрабавала разысціся, распавёў rebenok.by.

Дырэктар адзначыў, што для звальнення былі фармальныя падставы, але, хутчэй за ўсё, прычына ў грамадзянскай пазіцыі. Юрый Хромін пісаў заяву аб сыходзе яшчэ да выбараў, калі ад яго настойліва патрабавалі стаць старшынёй выбарчай камісіі. Тады заяве ход не далі, старшынёй камісіі стаў іншы чалавек.

На ўчастку ў ліцэі з вялікай перавагай перамог Аляксандр Лукашэнка. Дырэктар школы не верыць у гэтыя лічбы, але не хацеў бы публічна ацэньваць дзеянні калег па ліцэі. Калі пачаліся сілавыя разгоны пратэстоўцаў, ён выказаў сваю пазіцыю ў размове з калегамі і начальствам асабіста. Удзельнічаў практычна ва ўсіх акцыях пратэсту, якія праходзілі ў горадзе.

 — Я не вельмі моцна пацярпеў, дзякуй богу. На мяне склалі два пратаколы за удзел у двух мерапрыемствах, аштрафавалі.

За месяц да заканчэння кантракту педагога папярэдзілі, што на пасадзе дырэктара ён працаваць больш не будзе. У бліжэйшы час ён будзе шукаць вакансіі.