Высокарэнтабельныя прадпрыемствы Беларусі абавязаны пералічыць частку свайго прыбытку ў дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця. У спісе прадпрыемстваў - Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая павінна перавесці больш за палову агульнай сумы.
Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 16 лістапада 2020 года № 652 афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 18 лістапада. Усяго 47 высокарэнтабельных прадпрыемстваў Беларусі выплацяць у бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця 35 709,25 тыс. рублёў.
Як вынікае з дадатку да пастановы, найбольшыя сумы пералічаць ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» (26 481 тыс. рублёў), ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» (1 730 тыс.), ААТ «Мінскі завод ігрыстых він» (1 579 тыс.), РУП па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ» (1 291 тыс.) і РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» (1 млн).
Выплаты павінны быць здзейсненыя па выніках працы за першае паўгоддзе 2020 штомесяц роўнымі долямі ў лістападзе-снежні 2020, не пазней за 25 чысло кожнага месяца.
Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2005 г. № 637 для «рэалізацыі найбольш важных эканамічных і сацыяльных праектаў дзяржавы», адзначана на Нацыянальным прававым партале.
Для напаўнення фонду ўрад штогод зацвярджае спіс высокарэнтабельных прадпрыемстваў, якія пералічваюць у фонд частка прыбытку. Па выніках 2019 года ў такі спіс увайшло 40 арганізацый, якія пералічылі 52,5 млн. рублёў, піша Naviny.by.
Чытайце таксама: На табачной фабрике в Гродно не поддержали забастовку