Жыхары гродзенскага мікрараёна Ласосна-4 куплялі дамы з відам на лес. Зараз яны незадаволеныя тым, што дрэвы пачалі высякаць. Леснікі запэўніваюць, што робяць зону адпачынку прыгожай, а расліны — здаровымі.
Некалькі дзясяткаў дрэў прыбралі работнікі Нёманскага лясніцтва за два дні ў лесе, прылеглым да мікрараёна Ласосна-4. Пад пілы пайшоў не толькі сухастой, але і жывыя расліны. На наступным тыдні вырубкі плануюць працягнуць, нягледзячы на пярэчанні мясцовых жыхароў.
«Куплялі дом ў маляўнічым раёне, а атрымаем від на пні?»
— Мы пыталіся ў працоўных, што адбываецца. Атрымалі адказ, што такім чынам яны расчышчаюць лес, — распавядае Андрэй, жыхар вуліцы Барычэўскага. — Ужо цяпер там, дзе раслі прыгожыя сосны, утварыліся ледзь не прасекі. Мы куплялі дом у маляўнічым раёне, а што зараз атрымаем — від на пні?
Гродзенцы кажуць, што настроены абараняць лес і не жадаюць пускаць сюды людзей з піламі. Яны лічаць, што знішчаць жывыя дрэвы няма ніякай неабходнасці, а сосны, якія ідуць на дровы, выглядаюць моцнымі і здаровымі.
— Кожны гук паваленага дрэва для мяне як удар нажом, — не хавае эмоцый Алена, дом якой стаіць па суседстве. Жанчына не разумее, чаму лес «чысцяць» не раўнамерна, а толькі на абмежаваным участку з боку вуліцы Аслікоўскага. Пры гэтым калі прайсці далей, то можна ўбачыць і аварыйныя, і паваленыя непагаддзю дрэвы. Іх ніхто не кранае.
— Мы зараз прайшліся па лесе, карціна жудасная, — распавядае Таццяна. — Сцінаюць добрыя дрэвы, пазначаюць пад спілаванне выдатныя хвоі, што стаяць асобна і нікому не перашкаджаюць. Калі ўсё гэта працягнецца, то праз два-тры гады мы застанемся наогул без лесу.
Лясгас: рубка зробіць лес лепш праз 40 гадоў
Каля Ласосна-4 праводзіцца так званая рубка догляду лесу, растлумачыў Hrodna.life галоўны ляснічы ДЛГУ «Гродзенскі лясгас» Аляксей Грыгас. Яе мэта — стварыць добрыя ўмовы для росту дрэў, даць ім больш святла і прасторы.
«Мы дзейнічаем у адпаведнасці з заканадаўствам, на падставе лесаўпарадкавальнага праекта, распрацаванага ў Мінску. Раз у 10 гадоў спецыялісты праводзяць інвентарызацыю ляснога фонду і вызначаюць канкрэтныя ўчасткі для рубкі. Затым мы пазначаем межы, дзе дазволена весці працы, вырабляем адвод лесасекі, вызначаем, колькі кубоў можна спілаваць на гэтым участку, і афармляем лесасечны білет».
Каля Ласосна-4 догляду падвергнуць тры гектары, якія прымыкаюць да вуліцы Аслікоўскага і садовага таварыства «50 гадоў БССР». Прадстаўнікі лясгаса запэўніваюць, што цалкам высякаць насаджэнні ніхто не плануе. Прыбяруць толькі сухія, слабыя ці хворыя дрэвы, прарэдзяць густыя пасадкі. Гэта, па іх словах, зробіць рэшту раслін больш моцнымі і здаровымі, дасць магчымасць атрымаць якасны лес праз 40−50 гадоў.
Чытайце таксама:
- Рэпартаж з пасёлка каркасных дамоў у Ласосна, дзе гатовы катэдж каштуе 58 тысяч даляраў па курсе
- На дарозе танкі, транспарту няма, вуліцы без святла. Жыхары «элітнага» раёна Ласосна-4 папрасілі дапамогі ў Матолькі
Аляксей Грыгас адзначае, што рубка павінна весціся раўнамерна. Калі дзесьці утвараюцца «прасветы», значыць, у гэтых месцах было больш пашкоджаных раслін.
— Вонкава дрэвы сапраўды могуць выглядаць досыць моцнымі. Але пасля вывучэння аказваецца, што гэта не так, — патлумачыў Hrodna.life ляснічы Нёманскага лясніцтва ДЛГУ «Гродзенскі лясгас» Віктар Маджэеўскі. — Пасля скаргаў я выязджаў на месца і кантраляваў працу вальшчыкаў. Па адным дрэве ў мяне сапраўды паўсталі пытанні. Рабочыя патлумачылі, што яго давялося спілаваць, бо яно пахілілася.
Па якіх крытэрах прыбіраюць дрэвы?
У першую чаргу ліквідуюць сухастой, а таксама дрэвы з пашкоджаннямі, хворыя або прыгнечаныя, адсталыя ў росце.
Глядзяць не толькі на ствол, але і на стан кроны: ці правільна яна сфарміравана, ці дастаткова яркая.
Рашэнне па кожным канкрэтным дрэве прымаюць самі вальшчыкі на месцы. Для гэтага яны праходзяць спецыяльнае навучанне.
«Не высякаем, а акультурваем»
Віктар Маджэеўскі разумее эмоцыі мясцовых жыхароў. Паводле яго слоў, пасля сустрэчы з людзьмі лясніцтва вырашыла пайсці насустрач і праводзіць менш інтэнсіўную рубку паблізу дамоў. Разам з тым ён адзначае, што ўсе гэтыя работы дазволяць стварыць прыгожую зону адпачынку ў будучыні:
— Лес застанецца ў яшчэ лепшым стане, чым быў. Мы яго не высякаем, а акультурваем.
Новыя дрэвы на вычышчаным участку высаджваць не будуць. Галінкі патрушчаць і раскідаюць па лесе, каб узбагаціць глебу. На месцы пакінуць і пні. Спілаваныя дрэвы ў выглядзе дроў і будматэрыялаў Гродзенскі лясгас плануе прадаць.
Што яшчэ хвалюе жыхароў Ласосна?
Мікрараён Ласосна-4 — гэта квартал катэджаў і таўнхаўсаў, пабудаваны «Гроднажылбудам» у 2015 годзе. Раён лічаць паспяховым прыкладам узвядзення прыватнага жылля ў прамысловых маштабах. Жыхарам забудоўшчык абяцаў камфортныя дамы ў асяроддзі ляснога масіву.
Высечка лесу — не адзіная праблема раёна. Раней некалькі гадоў людзі дабіраліся да сваіх дампоў па бездаражы, да гэтага часу ў Ласосна-4 не пусцілі грамадскі транспарт. У той жа час праз квартал рэгулярна ходзяць на вучэнні калоны ваеннай тэхнікі, перакрываючы на час руху адзіны праезд у горад.