Тайм-кафэ “Партал” у Гродне закрыецца 7 лістапада – Унітарнае жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства (УЖРЭП) скасавала з уладальнікамі дагавор арэнды. У пятніцу 6 лістапада “Партал” зладзіць развітальную начную гульнятэку.

– У нас дзяржаўная арэнда і дамова з УЖРЭПам. За час вясновага каранціну назапасіўся абавязак перад гэтай арганізацыяй. Мы гасілі гэты доўг, да 26 кастрычніка усё было ў рамках дамоўленасцей. Сёння стала вядома, што дамова скасоўваецца. Да 7 лістапада трэба цалкам вызваліць памяшканне і вывезці ўсе рэчы, — напісалі ўладальнікі ў сацсетках 5 лістапада.

У Гродне закрыецца тайм-кафэ "Партал". Установа не працавала ў дзень «усеагульнай забастоўкі»
Тайм-кафэ “Партал”. Фота: Алена Кавальчук

Тайм-кафэ “Партал” – гэта незалежная пляцоўка ў цэнтры Гародні з ўтульнай атмасферай, гарбатай, печывам і культурнымі праектамі. З 2015 года тут правялі больш за 2000 мерапрыемстваў. Тут ладзілі гульнятэкі, кінапрагляды, лекцыі, семінары, трэнінгі. Былі супольнасці аматараў настольных гульняў “Magic: The Gathering” і маджонг. Установа падтрымлівала шмат культурных і сацыяльных ініцыятыў, напрыклад, “Жывая Бібліятэка”, “Актыўным Быць Файна”, “Sketch Day”.

У Гродне закрыецца тайм-кафэ "Партал". Установа не працавала ў дзень «усеагульнай забастоўкі»
Падчас Гродзенскай “Жывой Бібліятэкі”, 16.03.2019

Уладальнік тайм-кафэ Іван Петушок у бліжэйшай будучыні не плануе адкрыць установу на новай пляцоўцы.

Як падтрымаць “Партал”?

Прыходзьце 6 лістапада на развітальную начную гульнятэку ў тайм-кафэ – уваход за ахвяраванне. Таксама “Партал” у Instagram пачаў распрадаваць і раздаваць рэчы, якія ім неабходна вывезці да 7 лістапада, – магчыма, вам нешта спатрэбіцца.