У школах Гродна з 9 лістапада, пасля восеньскіх канікул, збіраюцца ўвесці масачны рэжым. Ён будзе абавязковым для ўсіх вучняў з 14 гадоў. Паводле інфармацыі чытачоў Hrodna.life, такую аб’яву зрабілі ў гімназіі № 2, школах № 12 і № 31.
«Сказалі пасля 14 гадоў абавязкова быць у масцы. Да 14 гадоў - на меркаванне. Мне незразумела, як такі метад можа прыпыніць развіццё віруса», — сказаў чытач Hrodna.life.
Пры гэтым у аддзеле адукацыі пра такое рашэнне нібыта пакуль нічога не чулі.
«Мы пакуль такога дакумента не бачылі. У школах канікулы на дадзены момант, ніякіх інструкцый мы не адпраўлялі і самі не атрымлівалі», — сказаў журналісту Hrodna.life начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. Намеснік начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама Алена Пахомава таксама не змагла адказаць на пытанне Hrodna.life.
«Насіць маску ў грамадскіх месцах — неабходнасць сённяшняга дня. І бацькі павінны паказаць прыклад дзецям і патурбавацца пра іх здароўе», — патлумачыла «Вячэрняму Гродна» галоўны дзяржаўны санітарны ўрач горада Гродна і Гродзенскага раёна Яніна Шарэнда.
Яна таксама сказала, што калі навучэнец прыйшоў у школу без маскі, то на ўрокі яго пусцяць, але бацькам будуць настойліва рэкамендаваць забяспечыць сваё дзіця неабходнай колькасцю масак.
Каментаваць журналісту Hrodna.life ўвядзенне масачнага рэжыму ў школах Яніна Шарэнда адмовілася.
Што пра масках у школе казаў прэзідэнт?
Упершыню інфармацыя аб магчымым масачным рэжыме ў школах з’явілася ў красавіку 2020. Тады на навіну аператыўна адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.
— Глупства несусветнае. Нельга дзецям гэтыя маскі апранаць, асабліва ў школе. Такога патрабавання не было. І калі дзесьці гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць, — цытаваў прэс-службу прэзідэнта. — Вы лепш акно адкрыйце, выветрыце, каб было свежа. Калі там нехта «практыкуецца», хутчэй за ўсё, гэта самадзейнасць. А за тое, што міністэрства і губернатары не пракантралявалі гэта пытанне, яны адкажуць.