Замена работнікам, якія страйкуюць на найбуйнейшым горадзенскім хімічным прадпрыемстве, мае прыехаць на завод з 2 лістапада. Пра гэта паведамляе страйкам «Азоту», піша С**бода.

Паводле інфармацыі страйкаму, на «Гродна Азот» прыедуць супрацоўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім»: Гомельскага хімічнага заводу і «Магілёўхімвалакна». Яны маюць замяніць «азотаўцаў», якія сышлі на страйк і некаторых зь якіх ужо звольнілі.

26 кастрычніка «азотаўцы» далучыліся да нацыянальнага страйку. Раніцай на прахадной заводу сабралася каля 150 чалавек. Ня менш за 32 зь іх жорстка затрымалі. Пазьней выйшаў загад за подпісам генэральнага дырэктара прадпрыемства аб звальненьні 12 работнікаў «Гродна Азоту». Аднаго зь іх 27 кастрычніка забралі на гутарку ў КДБ, пазьней асудзілі на 30 дзён арышту за 2 мітынгі.

На «Гродна Азоце» страйкуюць буйныя цэхі «Аміяк-3» і «Карбамід-4», якія прыносяць значны прыбытак. Таксама далучыўся да страйку цэх АКіКАС. Страйкоўцы чакаюць ад кіраўніцтва загаду пачаць падрыхтоўку да спыненьня буйных цэхаў.

Афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва — страйку на прадпрыемстве няма, а 26 кастрычніка зладзілі правакацыю, каб дэстабілізаваць абстаноўку.