Гісторыку Алесю Краўцэвічу з Горадні 28 кастрычніка прысудзілі 270 рублёў штрафу. Ён выйшаў з ізалятара на волю і расказаў, як адседзеў трое сутак, піша Свабода.

«Я не зладзюга, я прафэсар»

Краўцэвіча затрымалі на горадзенскім пратэставым маршы ў нядзелю 25 кастрычніка. Перад гэтым ён пачуў загад каля шапіка «Белсаюздруку»: «Усіх, хто ў масках, браць». Забіралі двое амапаўцаў, адзін паспрабаваў удушыць пры затрыманьні.

«Слабакі, я лепш умею душыць. Я займаўся джыў-джытсу», — камэнтуе навуковец.

«Зладзюга ты», — сказаў яшчэ адзін амапавец, пакуль цягнуў гарадзенца ў аўтазак.

«Я не зладзюга, я прафэсар», — адказаў Краўцэвіч. Яго ў адказ ударылі ў сонечнае спляценьне, але ён пасьпеў ухіліцца.

Краўцэвіч кажа, што амапаўцы самі сябе накручвалі, каб быць больш жорсткімі. Пры сабе Краўцэвіч ня меў тэлефона. Жонцы напісаў з аўтазаку з чужога нумару тры словы: «Забралі. Цэлы. Алесь». Больш нідзе яго ня білі і не абражалі. Большасьць зьвярталася на «вы». Пра тое, што забралі прафэсара, ведалі, але гэта ня надта паўплывала на ягоны далейшы лёс.

На допыце Краўцэвіч ня стаў адказваць на пытаньне, ці браў удзел у пікеце, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі. Яго дапытваў падпалкоўнік, які ня надта разумеў па-беларуску, прафэсар перайшоў на расейскую мову. Падпалкоўнік спрабаваў размаўляць на гістарычныя тэмы.

Алесь Краўцэвіч з жонкай Тацянай
Алесь Краўцэвіч з жонкай Тацянай

Хтосьці зь міліцыянтаў заўважыў, убачыўшы пратакол: «От, трэба было сказаць, што ня быў».

«Ён не хацеў хлусіць. Я таксама не люблю хлусіць», — адказаў яму калега.

Гісторык не згадзіўся з пратаколам, таму яго адправілі ў ізалятар. Самым цяжкім была няпэўнасьць, калі суд, чаго чакаць далей.

«Два разы прысядаеш, каб з дупы што-небудзь вылецела»

За час адседкі прафэсар памяняў 4 камэры, паўсюль сядзеў з «палітычнымі». Сукамэрнікі нават пазнавалі яго ў твар па гістарычных тэлеперадачах. Кажа, што падчас экспэдыцый жыў і ў горшых умовах.

«Абедаў. Каша бяз масла, катлета цярпімая. Рыба паскудная. Еў толькі капусту. Скарыстаўся магчымасьцю скінуць пару кіляграмаў», — расказаў пра рацыён суразмоўца.

У ізалятары гісторык размаўляў зь міліцыянтамі. Кажа, што тыя ставіліся адэкватна, выконвалі просьбы.

«Хлопцы, вы ня бойцеся. Калі вы нікога ня білі, мы судзіць вас ня будзем», — зьвяртаўся ён да ахоўнікаў.

Яму дазволілі перадаць перадачу.

«Яны абшукваюць перадачу, у мыльніцу ўлазяць. Цыгарэты ў пачках не даюць, а паасобку. Па два разы правяраюць „пікалкай“. Падымаеш тапкі, вымаеш матузкі, вымаеш вусьцілкі. Распранаесься, здымаеш майткі да кален, два разы прысядаеш, каб з дупы што-небудзь вылецела. Адкрываеш рот, управа, улева зубы [паказваеш]. Я спачатку адчуваў прыніжэньне, а потым пачаў успрымаць як прыгоду», — успамінае працэдуры ў ізалятары прафэсар.

Абраў штраф

Асудзілі яго ў апошнія хвіліны перад сканчэньнем трох сутак. На судзе ён адказаў, што прызнае свой удзел у мерапрыемстве, але не прызнае сябе вінаватым.

«Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Па Канстытуцыі абавязаны выступаць супраць няправеднай улады. Выступаю з пратэстам супраць несправядлівых выбараў і супраць гвалту на нашых вуліцах», — так Краўцэвіч патлумачыў у судзе сваю пазыцыю.

Судзьдзя запытаўся, што б ён хацеў атрымаць — штраф ці суткі. Прафэсар абраў штраф.