14 кастрычніка гродзенца Міколу Верамеенку асудзілі на штраф 15 базавых велічын (405 рублёў). Міліцыя склала на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, здзейсненым 19 жніўня ў раёне Тытунёвай фабрыкі. Рашэнне вынесла суддзя Алена Тоўсцік-Самойла ў судзе Кастрычніцкага раёна, піша harodniaspring.org.

Абвінавачванне міліцыі базавалася на тым, што на відэа трапіла прыпаркаваная машына Верамеенкі, якая апынулася на месцы нібыта несанкцыянаванай акцыі ці побач з ёй. Міколы на відэа не заўважылі.

Масавыя мітынгі на плошчы Леніна праходзілі з 13 жніўня. 14 жніўня да прысутных выйшаў Мечыслаў Гой, 17 жніўня — дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнік гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня гарвыканкама і іншыя чыноўнікі. Акцыю ля Тытунёвай фабрыкі 19 жніўня гарадскія ўлады прызналі несанкцыянаванай і перасталі ўзгадняць наступныя акцыі.