Федэральная антыманапольная служба Расіі ў лютым 2020 года прызнала дзеянні ТАА “Экапрадукт” нядобрасумленнай канкурэнцыяй: кампанія капіявала назву квасу “Лідскі”, на працягу доўгага часу выраблянага фірмай “Лідскае піва”. Вытворчасць «Лідскага квасу» кампаніі «Экопродукт» ніяк не звязана з г. Ліда ў Беларусі.

Больш за тое, на этыкетках свайго напою адказчык размясціў надпісы “Новы дызайн” і “Новы фармат”, якія маглі стварыць у спажыўцоў ўражанне аб тым, што прадстаўлены тавар — прадукт арыгінальнага вытворцы, але ў новай упакоўцы.

7 кастрычніка 2020 года ФАС Расіі наклала адміністрацыйныя штрафы за нядобрасумленную канкурэнцыю на ТАА “Экапрадукт” і яго службовую асобу ў памеры 250 тысяч расійскіх рублёў (8 366 беларускіх рублёў) і 12 тысяч расійскіх рублёў (401 рублёў) адпаведна.

«Дзеянні адказчыка маглі прычыніць вытворцы арыгінальнага квасу “Лідскі” не толькі фінансавыя страты, калі уведзеныя ў зман спажыўцы выбіралі тавар кампаніі “Экопродукт”, але і рэпутацыйныя, — адзначыў намеснік кіраўніка ФАС Расеі Андрэй Кашавараў. – Акрамя таго, за кошт сродкаў, укладзеных у прасоўванне арыгінальнага квасу “Лідскі”, прасоўваўся і прадукт, які яго імітуе, што супярэчыць усім нормам добрасумленнага вядзення бізнэсу”.

У 2018 годзе падрабіць прадукцыю спрабавалі на заводзе кампаніі “Мілкдрынк”, які знаходзіцца ў Чувашскай Рэспубліцы ў Чэбаксарах.