Кіраўнік сталічнай пракуратуры Алег Лаўрухін у эфіры тэлеканала СТВ нагадаў аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а таксама адзначыў, што цяпер прапрацоўваецца пытанне аб узмацненні жорсткасці санкцый па артыкуле 23.34. Пра тое, як менавіта гэта можа быць зроблена, Лаўрухін не сказаў, піша Onliner.by.

 — Артыкул 23.34 (гэта незаконны ўдзел у масавых мерапрыемствах) прадугледжвае розныя віды адказнасці — пачынаючы ад штрафу да 30 базавых велічынь, гэта па частцы першай максімальнае пакаранне, а далей паўторнае да 50, у тым ліку адміністрацыйны арышт як па частцы першай, так і па частцы другой. У цяперашні час, наколькі мне вядома, прапрацоўваецца пытанне ў тым ліку і аб узмацненні жорсткасці санкцый вось гэтага артыкула для таго, каб мінімізаваць гэтыя рызыкі выхаду людзей на незаконныя масавыя мерапрыемствы, — адзначыў ён.

Лаўрухін таксама назваў колькасць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці людзей — каля 3 тыс. чалавек толькі па Мінску.

 — Калі ў дачыненні да асабліва актыўных складаліся адразу ж адміністрацыйныя пратаколы альбо ўзбуджаліся крымінальныя справы, гэты факт на сённяшні дзень у наяўнасці. Мы можам казаць, што сёння ўжо прыцягнута да адказнасці толькі па горадзе Мінску (да адміністрацыйнай адказнасці) за ўвесь гэты перыяд каля трох тысяч чалавек. Толькі да адміністрацыйнай. З іх дзве траціны, як правіла, пакаранне ў выглядзе арышту, а астатнія (больш за тысячу чалавек) — гэта адміністрацыйныя штрафы, — дадаў кіраўнік сталічнай пракуратуры.