28 верасня студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы сабраліся, каб спяваць разам. Акцыя не адбылася, але дваіх удзельнікаў затрымалі.
У 15:00 каля корпуса філалагічнага факультэта на Леніна, 32 сабраліся сем студэнтаў. «Нас было не так шмат, было прынята рашэнне проста стаяць», — распавёў Hrodna.life адзін з тых, хто там быў.
Спачатку да студэнтаў падышла жанчына з адміністрацыі ўніверсітэта. Яна казала пра тое, што ўсе студэнты сядзяць на парах, а не спяваюць. Таксама яна паспрабавала адвесці ўбок адну з удзельніц, распавёў іншы сведка.
- «Всё запрещено». У ГрДУ імя Янкі Купалы зноў выйшлі ў падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў
- Студэнтаў ГрДу ім. Янкі Купалы выклікалі на савет прафілактыкі за акцыі салідарнасці
Студэнты адышлі бліжэй да прыпынку недалёка ад корпуса. Да хлопцаў падышоў чалавек у форме ахоўніка ўніверсітэта. «Нібыта з добрых намераў ён параіў нам стаяць не каля ўніверсітэта, а па другі бок ад дарогі. Маўляў, нас так будзе лепш відаць, і нам будзе зручней. Мы вырашылі застацца, дзе стаялі», — распавёў адзін са студэнтаў. Потым студэнты сталі разыходзіцца, бо вырашылі, што іх занадта мала для акцыі. У гэты час у іх бок паехаў міліцэйскі бусік, які ўвесь гэты час стаяў побач з вучэбным корпусам.
Каля 15:30 дваіх, хлопца і дзяўчыну, адвялі ў бок невядомыя ў цывільным. Падвышаючы голас, яны пагражалі завезці студэнтаў у РАУС Ленінскага раёна на вуліцу Дубко. Потым яны павялі студэнтаў у бок машыны. Пазней стала вядома, што маладых людзей сапраўды затрымалі.
Студэнты ўпэўненыя, што міліцыю выклікаў нехта з адміністрацыі ўніверсітэта. Па іх словах, гэта адбывалася і раней.
25 верасня стала вядома, што студэнтаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй выклікаюць на дысцыплінарную камісію і пагражаюць выключэннем з вну. Іх распазнавалі па фатаграфіях з акцый пратэсту, акцый салідарнасці. Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта спявалі песні на Ажэшкі, на Кастрычніцкай, збіраліся ля корпуса музыкаў на Тызенгаўза і рабілі здымкі з таблічкамі «Усё забаронена», стаялі ў ланцугу салідарнасьці ля галоўнага корпуса ўніверсітэта. Яны пратэставалі супраць гвалту, фальсіфікацый падчас выбараў, ціску на навучэнцаў.
Студэнты-актывісты яшчэ ў жніўні на сустрэчы з рэктаркай атрымалі ад яе адказ на тое, ці будуць пагражаць навучэнцам выключэннем. Тады рэктарка паабяцала, што нічога такога адбывацца не будзе.