Гродзенку затрымалі каля дома, адправілі ў турму, а там яна страціла цяжарнасць

Гродзенка расказала, што яе затрымалі ва ўласным аўтамабілі побач з домам, і яна прайшла праз усе жорны сучаснай беларускай сістэмы.

Карына Маліноўская — маладая мама, гадуе паўтарагадовую дачку. У яе магло быць яшчэ адно дзіця. Яе гісторыю апублікавала «Народная воля».

Пагрозы, лаянка і ціск…

— Мяне затрымалі 11 жніўня побач з домам, — распавядае Карына. — Я сядзела ў машыне і размаўляла з мамай па тэлефоне. Падышлі трое ў цывільным, самі адчынілі дзверцы машыны і патрабавалі выйсці: маўляў, я павінна праехаць з імі ў пастарунак.

— Прывезлі ў Ленінскі РАУС на вуліцы Дубко і завялі ў кабінет, дзе было шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме. Зайшлі яшчэ двое, адзін быў у балаклаве. Другі, апрануты ў цывільнае, адразу даў мне па карку так, што я павалілася на падлогу.

Пачаліся пагрозы, прычым праз лаянку, мяне абзывалі, палохалі, што забяруць дзіця, што затрымаюць маю маму, якая ўжо прыбегла да будынка РАУС.

Патрабавалі падпісаць пратакол

— Мяне прынялі за аднаго з каардынатараў вулічных акцый. 10 жніўня я размаўляла па тэлефоне са знаёмым хлопцам, які з’яўляецца грамадскім актывістам. Размову, відавочна, падслухалі. Яго схапілі ў той дзень, калі ён ішоў да мяне на сустрэчу, а за мной прыйшлі на наступны.

Ад мяне патрабавалі падпісаць пратакол, калі я не хачу, каб адабралі дзіця. Умовы такія: калі пратакол будзе падпісаны, мяне завязуць у турму, там асудзяць і адпусцяць.

Нехта спадцішка моцна ўдарыў мяне ў жывот. Я закрычала, што цяжарная. Пасля гэтага яны зачынілі мяне ў камеры. Праз гадзіны тры ў мяне пачаў моцна балець жывот, я папрасіла выклікаць «хуткую дапамогу». У чарговы раз сказала ім, што цяжарная.

Праз некалькі хвілін у камеру прыйшоў мужчына, які аказваў на мяне псіхалагічны ціск, і жанчына. Ніхто з іх не прадставіўся, я не ведаю нават іх прозвішчаў. Яны пагражалі: калі акажацца, што я не цяжарная, то пайду ў спортзалу (гэта месца, дзе катавалі затрыманых).

Мяне агледзела доктарка, якая была ў РАУС, і сказала, што не ўпэўнена ў маёй цяжарнасці. Я адкрыта ім заявіла: калі са мной нешта здарыцца, яны будуць за гэта адказваць. Відаць, мае словы іх пераканалі, паколькі яны ўсё ж выклікалі «хуткую дапамогу».

Шпіталь, турма…

— Мяне завезлі ў гарадскі шпіталь, дзе гінеколаг правёў агляд, зрабілі УГД. Доктар пацвердзіў цяжарнасць і выказаў заклапочанасць тым, што ў мяне ёсць кіста. Ён настойваў на тэрміновай шпіталізацыі, каб праводзіць неабходнае лячэнне.

Я перадала гэтыя словы міліцыянерам, а мне ў адказ жанчына ў форме, якая мяне суправаджала, сказала, што калі я застануся, то мяне прышпіляць кайданкамі да ложка, а потым, маўляў, мне ўсё роўна давядзецца ісці ў турму. І прапанавала іншы варыянт: едзеш з намі ў РАУС, раніцай цябе адвозяць у турму, там адбудзецца суд, і цябе адпусцяць дадому.

Я пагадзілася, паколькі ўвесь час думала аб тым, што будзе з маім дзіцём, і не ўяўляла, як буду ляжаць прыкаваная кайданкамі да ложка.

Адзінае, аб чым я папрасіла маіх суправаджаючых, каб мяне больш не білі.

«Я адварочвала твар…»

— У турме я адразу ўбачыла, як збіваюць мужчын. Мяне таксама хацелі біць, але нехта з міліцыянераў крыкнуў, што я цяжарная, і мяне адвялі ўбок.

Я адварочвала твар, калі білі мужчын, але адзін з міліцыянераў увесь час паварочваў яго так, каб я бачыла, што адбываецца. Гэта нагадвала кадры з фільма: гестапа ў чорным адзенні збівае ні ў чым не вінаватых людзей, жорстка, без шкадавання. Дзікунства!

Мяне пачало трэсці, нібы ў ліхаманцы. Гэта іх напалохала, і мяне павялі да доктара.

Фельчар у турме аказаўся больш чалавечным, распытаў пра мой стан і выклікаў «хуткую». Мяне зноў павезлі ў шпіталь. Там зафіксавалі разрыў кісты, і доктар сказаў, што патрэбна неадкладная аперацыя. Мяне прааперыравалі а 5-й гадзіне раніцы. Пазней я даведалася, што страціла цяжарнасць…

Я ляжала там некалькі дзён, ніхто з міліцыі мяне не турбаваў.

Прымусілі казаць тое, чаго не было

— Калі я ўжо апынулася дома, пачалі тэлефанаваць нібыта з міліцыі. Не прадстаўляючыся, патрабавалі, каб я прыйшла да іх, падпісала пратакол і атрымала штраф за тое, што была затрымана 11 жніўня. Паводле таго пратакола, я нібыта нецэнзурна лаялася каля пад’езда, крычала, кідалася на людзей і г. д.

Калі пазней мы з адвакатам азнаёміліся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, там было яшчэ запісана, што я нібыта гандлявала петардамі. Насамрэч я ніколі не мела да гандлю петардамі ніякага дачынення.

Тут трэба сказаць тое, што я прапусціла ў сваім аповедзе. Калі мяне затрымалі 11 жніўня і пагражалі забраць дзіця, яны выставілі умову: не зробяць гэтага, калі я на відэакамеру скажу, што гандлявала петардамі і перадавала іх свайму знаёмаму, які потым на акцыях кідаў іх у міліцыянераў. Яны прымусілі мяне казаць тое, чаго не было.

Падчас запісу я праз кожныя некалькі секунд перапытвала: так, правільна, гэта тое, што трэба? І гэта ў нейкім сэнсе дапамагло, бо сапсавала запіс. Пазней мяне разам з іншымі ўсё ж паказвалі па БТ, але там усе прызнаваліся ў нейкіх злачынствах, а майго голасу на экране не было — толькі твар. Дарэчы, за гэта я збіраюся падаць у суд на БТ.

Буду далей судзіцца

— Урэшце я адмовілася падпісваць пратакол, і тады мне патлумачылі, што складуць новы — за ўдзел у «ланцугу салідарнасці», на якім я прысутнічала 14 жніўня. Насамрэч пазней міліцыянеры прыехалі дадому, прывезлі пратакол і позву ў суд.

Але ў той час у мяне хварэла дзіця, я ім паведаміла, што ў суд не прыеду, бо знаходжуся на бальнічным. Яны прапаноўвалі прыслаць за мной машыну. Потым суддзя прысылаў СМС, каб я з’явілася, я адказала, што маю на руках бальнічны.

У пятніцу быў апошні дзень тэрміну разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, і ў панядзелак, паводле дзеючага заканадаўства, яны не маглі мяне судзіць. Тым не менш асудзілі на 10 базавых велічынь.

Зараз я рыхтую апеляцыю ў абласны суд на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024