Горадзенскія пэнсіянэры расказваюць «Свабодзе» пра свой досьвед вулічнага змаганьня летам і восеньню 2020 году.

67-гадовая Лідзія Ўладзімераўна Прэдка раней працавала на прадпрыемстве «Хімвалакно». Яна выходзіць па нядзелях на маршы пратэсту ў першых шэрагах. Яе затрымлівалі 13 верасьня, калі спрабавала адбіць дзяўчат у АМАПаўцаў. Пратрымалі 5 гадзін, абражалі, але ня білі. Выпісалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Васілю Міхайлавічу Васкевічу 70 гадоў, ён працуе дворнікам, раней быў будаўніком. Праваслаўны. На многія акцыі прыходзіць з абразом Маці Божай Калоскай, трымае яе над галавой, часта ідзе ў першых шэрагах. Яго не затрымлівалі.

68-гадовая Аляксандра Мікалаеўна Ханевіч раней працавала на «Хімвалакне», старшыня вэтэранскай арганізацыі прадпрыемства. Яе затрымлівалі двойчы: 9 жніўня і 13 верасьня, калі адбівала ў АМАПаўцаў іншых людзей. Першы раз ёй далі штраф. Падчас другога затрыманьня яе абражалі, цягнулі за руку так, што засталіся сінякі.