22 верасня ў Гродзенскім абласным судзе разглядалі абскарджанне грамадскім актывістам Яўгенам Дудкіным рашэння суда Кастрычніцкага раёна Гродна ад 26 жніўня. Яўгена судзілі нібыта за ўдзел у мітынгу, але ён кажа, што заклікаў да законных дзеянняў, а яго выкралі з тралейбуса невядомыя. Абласны суд пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.
26 жніўня Яўгену Дудкіну, гарадскому каардынатару хрысцiянскix дэмакратау (БХД) ў Гродне, прысудзілі штраф 5 базавых велічынь (135 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Напярэдадні, 25 жніўня, гарадзенцы прыйшлі да Кастрычніцкага РАУС, каб падтрымаць 28 затрыманых у той дзень работнікаў «Гродна Азот». Сведкам выступаў адзін з міліцыянтаў, якія там былі.
Яўген прапаноўваў прысутным заклікаць да адказу дэпутатаў, і калі яны адмаўляюцца адказваць, пачынаць працэс іх адклікання.
«Я папросту праінфармаваў людзей, што можна вырашаць свае пытанні працай з дэпутатамі парламента. Такім чынам рабіў усё магчымае, каб не парушаўся грамадскі парадак», — распавёў Яўген Дудкін Hrodna.life.
Яго затрымалі не на Гая, а ў тралейбусе, праз некалькі прыпынкаў, на Славінскага.
«Супрацоўнікі міліцыі, якія бачылі мяне з заклікамі на Гая, не падышлі, не прадставіліся і не папярэдзілі, што тое, што я раблю, забаронена, — здзіўляецца Яўген. — Потым ужо невядомыя людзі ў тралейбусе хапаюць мяне». Актывіст распавёў, што клікаў міліцыю, але невядомыя не прадставіліся, што яны самі з міліцыі. Па яго словах, яму скруцілі рукі і запіхнулі ў машыну.
Рашэннем абласнога суда Дудкін абураны: «Суддзя больш верыць паказаннях міліцыянта, які не выканаў сваіх абавязкаў паводле Закона аб міліцыі - папярэдзіць, што грамадзянін парушае закон, калі гэта так, і не арыштаваў на месцы, калі бачыў у гэтым склад правапарушэння». Штраф ён яшчэ не аплачваў, збіраецца падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.
Скаргу на дзеянні невядомых, якія затрымалі Яўгена Дудкіна у тралейбусе, павінна разглядаць пракуратура. Ён чакае вынікаў праверкі ад Следчага камітэта.
Чытайце таксама: