У Гродзенскім драматычным тэатры 20 верасня акцёры спынілі спектакль, калі даведаліся, што іх калегаў затрымалі. Акцёраў праводзілі апладысментамі. Частка гледачоў звярнулася ў касу тэатра з просьбай вярнуць грошы за спектакль, які не адбыўся. Іх просьбу задаволілі. Што будзе з акцёрамі, якія спынілі спектакль, пакуль невядома. Дырэктар драмтэатра Ігар Гедзіч пракаментаваў сітуацыю grodnonews.by.
— Тэатр павінен заставацца па-за палітыкай, непрымальна сцэну выкарыстоўваць для дэманстрацыі сваіх палітычных перакананняў. Тут павінны разыгрывацца іншыя мізансцэны — з Шэкспіра, Мальера, Гладзіліна … — адзначыў кіраўнік. — Яшчэ на першым курсе будучых акцёраў вучаць, выходзячы на сцэну, забываць пра ўсё, што па-за ёй. На жаль, некаторыя нашы акцёры гэтыя пастулаты парушаюць. Трэба быць прафесіяналам у сваёй справе і, калі выходзіш на сцэну, аддавацца гледачу. Акрамя таго, мы адчуваем запыт гледача. І глядач стаміўся, ён хоча адпачыць ад паўсядзённых праблем і клопатаў. І калі мы грэбуем яго інтарэсамі, гэта непавага да гледача. Тым самым мы адпужваем нашых гледачоў і пілуем ножку крэсла, на якім сядзім. Гледача трэба паважаць, шанаваць ім, — адзначыў кіраўнік grodnonews.by. — Пра гэта я з калегамі размаўляў і буду размаўляць.
Што тычыцца акцёраў, якія спынілі спектакль, пытанне будзе вырашацца.
— Ёсць нарматыўна-прававая база, Працоўны кодэкс. Рашэнне, якое будзе зваротнай рэакцыяй на ўчынак, будзе ляжаць у галіне прававога поля. Спадзяюся, што глядач, якога мы вольна або мімаволі пакрыўдзілі, з разуменнем паставіцца да гэтай сітуацыі і па- ранейшаму будзе любіць тэатр і хадзіць сюды за пошукам вечнага і прыгожага. Напружанасць у грамадстве, агрэсія павінны сысці. Трэба берагчы нашу краіну, горад, свае сем'і і сыходзіць ад канфрантацыі, — сказаў кіраўнік.